ЗША прызначаць спецпасланніка па Беларусі
Робін Даніген і Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Злучаныя Штаты прызначаць спецпасланніка па Беларусі, які будзе працаваць з дэмакратычным рухам. Гаворка пра гэта ішла падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з памочніцай дзяржсакратара ЗША Робін Даніген, перадае прэс-служба беларускага палітыка.
Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, умовы ў турмах, апошнія суды, пераслед журналістаў і актывістаў. Таксама яна выказала сваё меркаванне наконт магчымага ўдзелу войскаў Беларусі ў вайне супраць Украіны.
Прадстаўнікі дзярждэпартамента ЗША запэўнілі Ціханоўскую ў адназначнай падтрымцы дэмакратычных сілаў Беларусі.
Таксама Ціханоўская і Даніген абмеркавалі выпрацоўку новай праактыўнай стратэгіі па Беларусі і магчымасць міжурадавай сустрэчы краін-партнёраў, якія падтрымліваюць дэмакратычныя сілы Беларусі. У новай стратэгіі, як мяркуецца, маглі б быць захады па абароне незалежнасці Беларусі і вывадзе расійскіх войскаў, далейшай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і падтрымцы дэмакратычных пераменаў.
На вясну 2023 года плануецца візіт Ціханоўскай у Вашынгтон. У сувязі з гэтым абмяркоўваліся сумесныя дзеянні, каб не дапусціць сяброўства рэжыму Лукашэнкі ў Савеце бяспекі ААН у якасці часовага чальца, і ўдзел дэмакратычнай Беларусі ў Генасамблеі ААН і мерапрыемствах "Вялікай сямёркі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.