ЗША зноў прыпынілі санкцыі супраць прадпрыемстваў "Белнафтахіма"
Міністэрства фінансаў ЗША на паўтара года працягнула частковае прыпыненне санкцыяў супраць прадпрыемстваў дзяржканцэрна "Белнафтахім". Яны прыпыненыя да 26 красавіка 2021 года, гаворыцца ў паведамленні Мінфіна ЗША.
Санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Асновай для іх называліся парушэнні правоў чалавека. Пасля вызвалення палітвязняў у 2015 годзе Штаты прыпынілі санкцыі, і гэтае рашэнне неаднаразова падаўжалася. Аднак поўнай адмены санкцыяў пакуль няма.
Гаворка ідзе пра кампанію "Беларускі нафтавы гандлёвы дом", канцэрн "Белнафтахім" і яго амерыканскі філіял, "Белшыну", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно", лідскую "Лакафарба", наваполацкі "Нафтан" і "Полацк Шкловалакно".
Як адзначае TUT.by, у жніўні Беларуская нафтавая кампанія наняла за 60 тысяч долараў амерыканскага лабіста Дэвіда Генкарэлі. Яго задача — атрымаць дазвол на закупку амерыканскай сырой нафты. Гэта магло б стаць альтэрнатывай расійскай сыравіне, якую пастаўляюць у Мазыр і Наваполацк. Аднак санкцыі ЗША ўскладняюць працэс закупкі амерыканскай нафты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.