žygimont VAZA выдаў "Аграмегаполіс"

žygimont VAZA выклаў у Свеціва апошні альбом. Пласцінка, адзінаццатая ў дыскаграфіі каманды, мае назву "Аграмегаполіс". Матэрыял для яе ствараўся летам-вясной 2007 года. Запіс вёўся цягам 2008-2011 гадоў.


Першы і апошні раз матэрыял "Аграмегаполіса" прагучаў нажыва на фэсце Be Free-2008 у Львове. Працэс запісу дыску перарваўся ў 2011 годзе праз заўчасную смерць Вольгі Самусік - асноўнай вакалісткі гурта.


Як паведамляе сайт tuzin.fm, пра альбом žygimont VAZA яго лідар Сяргей Скрыпа Скрыпнічэнка казаў даўно. Аднак з яго выхадам не спяшаўся: маўляў, "існуе такі метад, калі гатовая праца адкладваецца на пэўны час, каб, як кажуць, адляжацца. І праз пэўны перапынак можна было б зрабіць канчатковыя праўкі".


Апроч Скрыпы ў запісе "Аграмегаполіса" бралі ўдзел Кастусь Калеснікаў, Андрэй Сапоненка і Павел Яноўскі. На студыі апошняга — "Таксафон" — і была запісаная пласцінка. З часоў запісу музыкі ні разу не збіраліся. žygimont VAZA знаходзіцца ў даўгатэрміновым адпачынку. А сам Скрыпнічэнка пакуль займаецца сольнымі праектамі. У хуткім часе музыка збіраецца прадставіць свой новы праект Тhe Blue Devils.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі