120 тысяч чалавек па краіне не атрымліваюць заробку на сваіх прадпрыемствах

Іх “дабраахвотна” выправілі ў адпачынак за свой кошт. На гэта, як і на працу няпоўны тыдзень, людзі пагаджаюцца пад пагрозай звальнення Па звестках Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якія днямі агучыў яе старшыня Леанід Козік, сёння ў краіне каля 300 тысяч чалавек працуюць не поўны тыдзень. Еўрарадыё даведалася, ці пыталіся ў гэтых людзей іх згоды на такое “скарачэнне”.

Як патлумачыў загадчык юрыдычнай кансультацыяй Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Шалковіч, кіраўніцтва і не мусіць пытацца ў сваіх працаўнікоў нейкага дазволу на скарачэнне працоўнага тыдня. Наадварот – можа пакараць звальненнем за нязгоду з такім рашэннем адміністрацыі.

Уладзімір Шалковіч: “Наймальнік ставіць перад фактам, что ў нас такая сітуацыя і з наступнага тыдня будзем працаваць чатыры дні. Калі супрацоўнікі кажуць, што згодныя, заканадаўства дазваляе не выконваць патрабаванне аб папярэджванні за месяц пра гэта. Іншыя кажуць: “Калі такая сітуацыя – папярэджвайце нас і будем у межах закона ўсё вырашаць”. У дачыненні такіх працоўнікоў месяц захоўваецца стары рэжым працы, а потым валявым рашэннем наймальніка ўводзіцца новы. Калі ж хтосьці кажа, што яны хацелі б працаваць, як і раней, то ў адносінах да іх месяц захоўваецца ранейшы рэжым працы, а потым іх звальняюць па пункце 5 артыкула 35. Пры гэтым, самі супрацоўнікі ніякіх заяваў не пішуць – гэта ўсё воля кіраўніка”.

Тое, што кіраўніцтва не пытаецца рабочых згоды аб пераводзе іх на працу па скарочаным графіку, пацвердзіў Еўрарадыё і рабочы МАЗа Ўладзімір Другакоў. Па яго словах, калі раней ён і яго калегі атрымлівалі больш за 1 мільён заробку, то зараз атрымліваюць 800-900 тысяч у месяц. Хтосьці шукае сабе падпрацоўку, а хтосьці і ўвогуле звальняецца.

Уладзімір Другакоў: “Сярэдні заробак у нас быў каля 1 мільёна рублёў пры поўным працоўным тыдні і месяцы. А калі працаваць толькі 15 дзён на месяц, то выходзіць дзесьці 800-900. Каум гэтага не хапае, то знаходзяць падпрацоўку. А маладыя, якія знаходзіць іншую працу, яны проста сыходзяць”.

Асабліва, кажа, тыя, хто вымушаны здымаць кватэру альбо выплачваць крэдыт. І такіх, кажа рабочы МАЗа, хто думае аб звальненні, усё больш – людзі не вераць, што сітуацыя на заводзе можа хутка выправіцца.

Уладзімір Другакоў:
“Калі чалавек жыве на кватэры, маладая сям’я, плюс – крэдыт які плацяць. Як ім пражыць? На гэтыя грошы не пражывеш”.

І такая сітуацыя, кажа адзін з лідэраў незалежных прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Ярашук, сёння не толькі на МАЗе.

Аляксандр Ярашук: “Гэтыя праблемы тычацца ўсіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў выключна. Напрыклад, і Трактарнага завода, і тых прадпрыемстваў, якія працуюць на інтарэсы Трактарнага завода. А таксмама станкабудаўнічай прамысловасці. Усе тыя прадпрыемствы, а мы ведаем, што характар нашай прамысловасці з савецкіх часоў не змяніўся, прадукцыя якіх была скіравана на расійскія рынкі”.

І нейкіх захадаў з боку кіраўніцтва краіны на паляпшэнне сітуацыі незалежныя прафсаюзы, кажа ён, не назіраюць.

Аляксандр Ярашук: “Уся эканамічная палітыка зводзіцца да таго, што раптам адкрыецца расійскі рынак і мы ізноў пачнем прадаваць туды ўсю сваю прадукцыю. У тым ліку і тую, што на складзе стаіць. А будзе так ці не – гэта велізарнае пытанне”.

А значыцца, і людзей, якія працуюць непоўны тыдзень, у бліжэйшы час не паменее. Ды і ў лічбу ў 300 тысяч, названую Козікам, Ярашук не верыць. Кажа тых, хто працуе ў рэжыме непоўнай занятасці, значна больш. Затое, ён згодны з тым, што каля 40% з гэтых людзей знаходзяцца ў вымушаных адпачынках за свой кошт. А гэта нават па афіцыйных звестках 120 тысяч чалавек, якія ўвогуле не атрымліваюць ніякага заробку. Іх колькасць, па яго словах, будзе расці.

Аляксандр Ярашук: “Іх колькасць непазбежна павінна павялічвацца за кошт тых, хто перастане працаваць па скарочаным графіку”.

Па словах юрыста афіцыйных прафсаюзаў Уладзіміра Шалковіча, рабочыя самі пішуць заяву на адпачынак за свой кошт. Аляксандр Ярашук у сваю чаргу ўпэўнены, што кіраўніцтва прадпрыемства прымушае іх гэта рабіць пад пагрозай звальнення. І людзі пагаджаюцца. Проста для таго, каб працоўная кніжка недзе ляжала, стаж ішоў і была магчымасць вярнуцца на працу, калі наступяць лепшыя часы. А самі тым часам вучацца выжываць самастойна. І хутка, лічыць ён, такая навука спатрэбіцца шмат каму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі