13 гадоў "дыялогу" з ЕС у цытатах Лукашэнкі
У 2002: "Ніхто не мог праводзіць еўрапейскую палітыку без Беларусі", у 2015: "Ідзем на нармалізацыю адносін з Захадам".
15 студзеня 2015 года на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што Беларусь будзе ісці на нармалізацыю адносін з ЕС і ЗША. Еўрарадыё вырашыла ўспомніць, што казаў кіраўнік Беларусі пра "дыялог" з Захадам за апошнія 13 гадоў.
Адзначым, што за гэты час у нашай краіне з'явілася больш за дзве сотні неўязных у ЕС чыноўнікаў, у дачыненні да некаторых кампаній дзейнічаюць санкцыі, а за шэнгенскія візы беларусы, у адрозненне ад украінцаў і расійцаў, плацяць не 30 еўра, а 60.
Вось, што казаў Аляксандр Лукашэнка пра збліжэнне з Еўрасаюзам за апошнія 13 гадоў.
2002 год. Адносіны з ЕС ужо "нармалізуюцца". Прайшоў год з часу выбараў прэзідэнта:
"Што тычыцца далейшага супрацоўніцтва, я перакананы, нас ніхто, у сілу нашага становішча, не зможа выпхнуць з Еўропы і ніхто без Беларусі не зможа эфектыўна праводзіць еўрапейскую палітыку. Мы ведаем сваё месца. Таму мы не спяшаемся. Мы спакойна гэта ўспрымаем і ведаем, што прыйдзе той час, калі ў нас нармалізуюцца адносіны з Еўропай, у чым вельмі зацікаўленая Расія".
У інтэрв'ю міжнароднаму агенцтву "PM Communications" — аб тым, як Беларусь выбудоўвае адносіны з Вялікабрытаніяй.
"Я хачу падкрэсліць — мы будавалі нашу палітычную і эканамічную сістэму, арыентуючыся на тое, што мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы і з'яўляемся еўрапейскай дзяржавай. Наша палітычная сістэма наўрад ці нечым адрозніваецца, скажам, ад сістэмы, якая існуе ў еўрапейскіх дзяржавах, у тым ліку і ў Вялікабрытаніі".
2003 год. Падчас паслання да беларускага народа і парламента мы даведваемся, што "Беларусь робіць дастойны ўклад ва ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі і развіццё агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва":
"Мы чакаем, што гэтая акалічнасць будзе ў поўнай меры ўлічаная ў палітыцы новых паглыбленых адносін з будучымі суседзямі, што распрацоўваецца ў цяперашні час Еўрасаюзам у рамках канцэпцыі "шырокай Еўропы". У нас тут дастаткова агульных падыходаў. Гэта ўзрастанне знешнегандлёвага тавараабароту, агульныя праекты па ўмацаванні бяспекі, ліквідацыі наступстваў Чарнобыля і іншыя".
2005 год. Падчас уручэння даверных грамат пасламі Швецыі, Партугаліі і Харватыі Лукашэнка кажа:
"З вашага боку заўсёды рабіліся вельмі разумныя крокі для таго, каб Беларусь сапраўды была членам еўрапейскай сям'і. Галоўнае, каб мы вялі дыялог паміж дзяржавамі, абмяркоўвалі праблемы і рабілі адпаведныя высновы. Нам ні ў якім разе не трэба вывешваць заслону паміж нашымі дзяржавамі".
2006 год. Ужо пасля выбараў, па выніках якіх кіраваць краінай застаўся Лукашэнка, "адносіны з ЕС залежаць не ад нас".
"Будзем развіваць нашы адносіны з кіраўніцтвам ЕС так, як яны гэтага захочуць. Гэта залежыць не ад нас. Мы б хацелі, каб у Еўрасаюзе ўважліва і акуратна ставіліся да беларускага народа і бачылі ў ім свайго партнёра".
2007 год. Роўна праз год пасля выбараў Лукашэнка ў інтэрв'ю Аль-Джазіры прапануе Еўрасаюзу "перастаць глядзець адно на аднаго праз плот":
"Нам трэба перастаць глядзець адно на аднаго праз плот. Мы радыя эканамічнаму супрацоўніцтву з Еўропай і гатовыя весці палітычны дыялог для пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва".
2008 год. Аказваецца, "Беларусь заўсёды імкнулася наладжваць адносіны з ЕС":
"З самых першых дзён майго прэзідэнцтва я выразна вызначыў замежнапалітычную стратэгію краіны зыходзячы з таго, што яна павінная быць шматвектарнай. Наша замежная палітыка не можа быць іншай — гэта прадыктавана самім геаграфічным становішчам краіны. Бо, як вядома, мы не толькі неад'емная частка Еўропы, але і яе геаграфічны цэнтр".
2009 год. Перад выбарамі прэзідэнт выбудоўвае "змястоўныя і фундаментальныя адносіны з Еўрасаюзам". У час сустрэчы з міністрам замежных спраў Эстоніі Урмасам Паэтам ён кажа:
"Мы будуем адносіны з Еўропай не на аснове скарацечных захадаў або дэманстрацый, а хочам будаваць змястоўныя і фундаментальныя адносіны, арыентуючыся на вялікую стратэгію".
Але ўжо пасля выбараў ЕС уводзіць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і бізнесменаў:
2012 год, і мы "зноў гатовыя да дыялогу".
"З прычыны дзіўнай еўрапейскай палітыкі страчана шмат часу, але наша пазіцыя застаецца ранейшай — мы гатовыя да дыялогу".
2013 год. Дыялог з ЕС, але ў інтарэсах Расіі на сустрэчы са старшынёй Дзярждумы Нарышкіным.
"Нам трэба выбудоўваць нармальныя адносіны з Еўрасаюзам, але ні ў якім разе не ў шкоду нашаму асноўнаму саюзніку — Расійскай Федэрацыі. Ад гэтага нікуды не падзенешся. Хачу я гэтага ці не, але хто б тут ні быў, ён будзе выбудоўваць гэтыя адносіны".
І нарэшце 2015 год. Зноў выбудоўваем дыялог з Еўрасаюзам, хутка выбары:
"Беларусь будзе мэтанакіравана ісці на нармалізацыю адносін з Захадам — з ЕС і ЗША. Мы ж не абураемся тым, што Расія мэтанакіравана прыкладае цяпер каласальныя намаганні для нармалізацыі адносін з Захадам. Вось і вы не абурайцеся. Трэба супакоіцца і нармальна працаваць".
Фота: ria.ru