13 рэстаранаў Mak.by у Мінску прадалі за 20 мільёнаў долараў
Рэстаран Mak.by
13 былых рэстаранаў Mak.by (экс-Mcdonald's) у Мінску былі прададзеныя за больш як 20 мільёнаў долараў. Пра гэта са спасылкай на справаздачу Colliers International паведамляе расійскае інфармагенцтва Sputnik.
Сярэдні кошт за адзін квадратны метр склаў каля 1,7 тысячы долараў.
Гэта можа стаць найбуйнейшай інвестыцыйнай падзеяй на рынку гандлёвай нерухомасці ў Беларусі за ўвесь 2024 год.
Пакупніком рэстаранаў выступіла кампанія "Кволіці Фуд", звязаная з Аляксеем Саўчуком — малочны магнат, дыстрыбутар беларускіх малочных прадуктаў у Расіі. Перад гэтым,у кастрычніку 2023-га, суд пастанавіў нацыяналізаваць сетку рэстаранаў.
Як расказвала Еўрарадыё, новы ўладальнік быў зарэгістраваны сёлета 7 чэрвеня. "Кволіці Фуд" атрымала 90% акцый, а 10% мае Вікторыя Данько, якая і раней была дырэктаркай сеткі Mak.by.
Аляксею Саўчуку належаць такія брэнды, як "Малочныя горкі", Горацкі харчовы камбінат (марка Exponenta), Трубчэўскі малочны камбінат ды іншыя. Таксама ён мае 49% акцый Гандлёвага дома "Беллакт".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.