У былых рэстаранаў Mcdonald's з'явіўся новы ўладальнік
Рэстаран МАК.by
Кампанія "КСБ Віктары рэстараны", якая кіруе рэстаранамі МАК.by (былыя рэстараны Mcdonald's), змяніла ўладальніка. Паводле інфармацыі сайта "Зеркало", цяпер яна належыць беларускаму малочнаму магнату Аляксею Саўчуку.
Кампанія Mcdonald's пакінула Беларусь у лістападзе 2022 года пасля сыходу з расійскага рынку. Ад красавіка 2023-га рэстараны пачалі працаваць пад брэндам МАК.by.
Дзяржкаммаёмасць праз суды хацела прыпыніць дзейнасць "КСБ Віктары" і яе кіпрскай "мамы". У кастрычніку 2023-га Мінскі эканамічны суд пастанавіў нацыяналізаваць сетку рэстаранаў. Кампанія падавала апеляцыю ў Вярхоўны суд. Разгляд адбыўся ў студзені 2024-га, яго вынік афіцыйна не паведамляўся. Аднак у тым жа студзені Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што сетку рэстаранаў Mak.by гатовы купіць беларускі бізнесовец. Імя пакупніка не называлася.
Новы ўладальнік кампаніі "КСБ Віктары рэстараны" быў зарэгістраваны сёлета 7 чэрвеня. У адзіным дзяржрэгістры юрыдычных асоб адзначаецца, што цяпер 100% фірмы належаць фірме "Кволіці Фуд". 90% гэтай кампаніі належаць Аляксею Саўчуку. Дырэктарка сеткі рэстаранаў Вікторыя Данько атрымала 10% акцый у новай фірме — то бок, фактычна захавала тую ж долю, якую мела ў экс-Mcdonald's.
Аляксею Саўчуку належаць такія брэнды, як "Малочныя горкі", Горацкі харчовы камбінат (ён выпускае вядомы напой Exponenta), Трубчэўскі малочны камбінат ды іншыя. Таксама ён мае 49% акцый Гандлёвага дома "Беллакт".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.