19-гадовы жыхар Ваўкавыска можа сесці на шэсць год за таллю ігральных карт
19-гадовы жыхар Ваўкавыска можа сесці ў калонію на шэсць год… за таллю ігральных карт. 17 верасня позна ўвечары маладзён вяртаўся дадому пасля працоўнага дня і ўбачыў у двары маладую пару. Зламыснік падышоў да хлопца і дзяўчыны і пачаў іх правакаваць. Тыя ўцяклі, а крыху пазней дзяўчына зразумела, што знікла яе сумка з дакументамі.
Неўзабаве рабаўнік напаў на яшчэ аднаго выпадковага мінака — 20-гадовага хлопца. Ён забраў у яго заплечнік з мабільным тэлефонам, звязкай ключоў і талляй карт.
Пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю і праваахоўнікі затрымалі зламысніка. Цяпер на яго завялі крымінальную справу паводле ч.2 арт.206 (рабаванне, спалучанае з гвалтам, без небяспекі для жыцця або здароўя пацярпелага, або з пагрозай прымянення такога гвалту, або здзейсненае паўторна або групай асобаў, або з пранікненным у жыллё). Пакаранне па гэтым артыкуле — да шасці год зняволення, паведамляе прэс-служба Гродзенскай абласной міліцыі.