20 снежня ў Мінску абмяркуюць магчымыя змены ў выбарчым заканадаўстве
20 снежня ў Мінску абмяркуюць магчымыя змены ў выбарчым заканадаўстве Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Паводле яе слоў, яна толькі нядаўна азнаёмілася з перакладам канчатковай справаздачы БДІПЧ АБСЕ з рэкамендацыямі, а на аўторак запланаваная сустрэча з намеснікам старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кентам Харстэдам. Ён быў адмысловым каардынатарам місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Ярмошына кажа, што міжведамственная экспертная група сумесна з ЦВК вывучыць прапановы БДІПЧ АБСЕ па ўдасканаленню беларускага выбарчага заканадаўства, якія будуць агучаны ў Мінску. У выніку будзе падрыхтаваны даклад Аляксандру Лукашэнку "наконт іх рэалізацыі". Кіраўнік дзяржавы і вырашыць, што менавіта з прапанаванага мусіць трапіць у законапраект. Яго падрыхтуе ЦВК і адправіць у парламент.