22% асуджаных — жанчыны. "Вясна" дала "пратэстную" статыстыку за жнівень

22% асуджаных — жанчыны. "Вясна" дала "пратэстную" статыстыку за жнівень

За жнівень па "пратэсных" крымінальных справах асуджана не менш за 136 чалавек, з іх 58 — у Брэсцкай вобласці. Таксама маюцца звесткі аб затрыманні не менш як 209 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр  "Вясна".

Агулам прысуджана больш за 120 гадоў калоніі, 85,5 гадоў "хіміі" і 93 гады "хатняй хіміі". Пры гэтым 22% асуджаных — жанчыны.

"Фігуранты "пратэстных" крымінальных справаў працягваюць заяўляць пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, катаванні, ціск і прымус да дачы сведчанняў на этапе папярэдняга расследавання. Суды не рэагуюць на такія заявы, а выносяць абвінаваўчыя прысуды, засноўваючыся на паказаннях, атрыманых гвалтоўным шляхам з парушэннем вызначанага парадку", — адзначаюць праваабаронцы.

Пры гэтым вызваленыя палітвязні працягваюць казаць пра наўмыснае пагаршэнне ўмоваў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі.

Працягвае паступаць інфармацыя аб нечалавечых умовах утрымання ў ізалятарах Мінска. "Палітычныя" не атрымліваюць ні медыцынскай дапамогі, ні прагулак, ні перадач. Супрацоўнікі ЦІПа працягваюць збіваць затрыманых, не рэагуюць на скаргі пра прусакоў у камерах, а тых, хто захварэў на COVID-19, часта не лечаць і не ізалююць ад здаровых людзей, сведчыць "Вясна".

Акрамя таго, па стане на канец жніўня ўладамі былі ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі каля 200 некамерцыйных арганізацый.

За жнівень прызнаныя экстрэмісцкімі больш за 20 тэлеграм-каналаў і груп у сацыяльных сетках сацыяльна-палітычнай тэматыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі