4 беларускія салдаты скончылі жыццё самагубствам за 2016 год
Міністэрства абароны Беларусі апублікавала статыстыку па салдацкай смертнасці. Колькасць самагубстваў у беларускім войску ў 2016 годзе склала 0,06 на 1000 чалавек. З гэтых лічбаў вынікае, што рахункі з жыццём летась звялі чацвёра салдатаў.
Сёлета меркаваных самагубцаў ужо столькі ж, як за ўвесь мінулы год. Меркаваных — таму, што праверкі і расследавання не скончаныя ні па адным з чатырох выпадкаў смерцяў у войску, пра якія стала вядома грамадскасці. Двое вайскоўцаў загінулі ў часцях пад Барысавам, адзін — у Бярозе, яшчэ адзін — у Смаргоні.
Скрыншот з сайта www.mil.by
Па звестках Мінабароны, за 23 гады колькасць самагубстваў у беларускім войску ўпала больш як у 6 разоў. З 2012 года гэты страшны паказчык знаходзіцца прыкладна на адным узроўні ў 4 чалавекі за год.