Літоўскія памежнікі сёння пачынаюць "італьянскі страйк"
Акцыя стартавала а 8 гадзіне раніцы аўторка і працягнецца да 8-й гадзіны чацвярга, 11 ліпеня.
Усіх асобаў, якія будуць у гэты дзень перасякаць мяжу, правераць вельмі старанна і вельмі марудна. Такім чынам памежнікі хочуць звярнуць увагу літоўскіх уладаў на свае праблемы: яны патрабуюць павялічыць фінансаванне правааховы, даць сацыяльныя гарантыі яе работнікам і рэфармаваць сістэму праваахоўных органаў.
Акцыі пратэсту пройдуць на пунктах перасячэння літоўска-беларускай мяжы ў Медніках (Medininkai, з беларускага боку — "Каменны Лог"), Салечніках (Šalčininkai, з беларускага боку — Беняконі), Лаварышках (Lavoriškės, з беларускага боку — Катлоўка) і Райгардасе (Raigardas, з беларускага боку — Прывалка).
Прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандр Цішчанка паведаміў Радыё Свабода, што ў сувязі з запланаваным з 9 па 11 ліпеня "італьянскім страйкам" літоўскіх памежнікаў могуць узнікнуць чэргі на мяжы:
"Памежны камітэт Беларусі будзе праз СМІ даводзіць да насельніцтва інфармацыю пра тое, як зручней перасекчы мяжу. У такіх выпадках мы звычайна перанакіроўваем транспарт на іншыя КПП".
Фота — delfi.lt