Фотафакт: 20 гадоў таму ўкраінская вёска прасілася ў склад Беларусі
Летам 1993-га старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч атрымаў ліст ад жыхароў вёскі Ніговішча Зарачнянскага раёна Ровенскай вобласці.
"Паважаны Станіслаў Станіслававіч! Просім Вашага рашэння аб далучэнні нашай вёскі да Беларускай рэспублікі, аддзяліўшы яе ад Украіны...", — цытавала пасланне мінская газета "Голас Радзімы".
Вяскоўцы спасылаліся на тое, што да Пінска ім лягчэй дабрацца, чым да Зарэчнага. Да таго ж яны хацелі б мець беларускія грошы. Жыхары Ніговішча падкрэслівалі, што большасць з іх — беларусы. У лісце адзначалася, што да Беларусі хацелі б далучыцца і вёскі Омыт ды Гарынічы.
Старшыня камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па нацыянальнай палітыцы і пытаннях СНД Міхаіл Слямнёў тады заявіў, што "Беларусь і Украіна з'яўляюцца прыхільнікамі Хельсінкскага пагаднення, у якім абгаворваецца прынцып непарушнасці межаў". Аднак дапусціў, што пры "добрай волі дзвюх рэспублік" можна было б здзейсніць абмен, аддаўшы ўкраінцам за тры вёскі "раўнацэнны ўчастак зямлі недзе ў іншым раёне". Гэтага аднак не адбылося.
Нагадаем, 18 чэрвеня Беларусь і Украіна зацвердзілі дамову аб дзяржаўнай мяжы. Будзе створана сумесная камісія па яе дэмаркацыі.
Эксперты: Украіна набыла ў Беларусі дамову наконт мяжы
Фота — Еўрарадыё, bymedia.net