Праехаць мяжу па “зялёным калідоры” стала нашмат складаней (фота дакумента)

“Перасячэнне мяжы, якое пры гэтым аб’ёме машын звычайна займае 2—2,5 гадзіны, зацягнулася на 10 гадзін. Гэта звязана з увядзеннем новых правілаў, якія грунтуюцца на сумеснай пастанове мытнага і памежнага камітэтаў”, — распавядае Еўрарадыё Юрась Губарэвіч, які ўначы вяртаўся ў Беларусь з Польшчы і нечакана трапіў у вялікі затор на пераходзе “Варшаўскі мост”.

Юрась кажа, што у “чырвоны калідор” у выніку трапляе нашмат больш аўтамабіляў. Туды адпраўляюць каля 80% тых, што раней стаялі ў “зялёным”. Усім незадаволеным памежнікі паказваюць невялікую паперку, дзе напісана, што з 4 чэрвеня 2013 года будуць больш пільна сачыць за аўто з “зялёнага калідора”. Людзі абураюцца, сварацца, скардзяцца — але даводзіцца падпарадкоўвацца, расказвае Губарэвіч.

“Людзі нічога не разумеюць. Сутыкаюцца з гэтым упершыню. Яны маюць толькі асабістыя рэчы, якія могуць быць запакаваныя ў вялікія торбы. Памежнікі кажуць, што не будуць правяраць гэтыя торбы, бо не маюць права на гэта. Накіроўваюць да мытнікаў, а мытнікі — у чырвоны калідор”.

Згодна з дакументам, якія цяпер паказваюць людзям на мяжы, прычынай накіравання ў чырвоны калідор можа быць колькасць людзей у салоне (чатыры і больш), вялікія торбы ў багажніку і нават замежная рэгістрацыя аўто.

Еўрарадыё звярнулася па інфармацыю аб новых правілах у Аддзелы арганізацыі мытнага кантролю Брэсцкай і Ашмянскай мытняў. Але там альбо нічога не ведаюць пра новаўвядзенні, альбо увогуле адмаўляюцца даваць інфармацыю. Маўляў, прыязджайце з Мінска да нас на прыём і вам усё раскажуць. На сайтах Памежнага і Мытнага камітэтаў таксама ні слова — там вісяць старыя правілы праходу “чырвонага” і “зялёнага” калідораў.

Атрымаць каментарый удаецца толькі ў памежнікаў. У прэс-службе Памежнага камітэта кажуць, што сумесная з Мытным камітэтам пастанова з’явілася яшчэ 31 кастрычніка 2011 года. У ёй пералічваюцца прычыны, пры наяўнасці якіх памежнікі павінны паведамляць мытнікам пра падазроныя аўтамабілі у “зялёным” калідоры.

“Калі транспартны сродак адпавядае пэўным крытэрыям, то супрацоўнік памежнага камітэта паведамляе пра гэта мытніку. Вось і ўсё. Парадак не змяніўся, патрабаванні да фізічных асоб і тавараў, якія яны перавозяць, не змяніліся”.

Аднак, нягледзячы на захаванне ўсіх правілаў, людзі стаяць у чэргах на мяжы нашмат больш, і ў выніку нават не запаўняюць дэкларацый — упісваць туды ў іх проста няма чаго.

Гэты дакумент памежнікі паказваюць абураным людзям на "Варшаўскім мосце". Фота Юрася Губарэвіча.

Даведка:

Праз "Зялёны калідор” у Беларусь можна ехаць, калі:

1) Рэчы ў вашым багажы не падлягаюць абкладанню мытнымі плацяжамі. Гэта тавары для асабістага карыстання (за выключэннем этылавага спірту), кошт якіх не перавышае суму 1500 еўра і агульная вага якіх не больш за 50 кілаграмаў; алкагольныя напоі і піва ў колькасці не больш за 3 літры, 200 цыгарэт або 50 цыгар (цыгарыл), або 250 грамаў тытуню; былыя ва ўжыванні тавары для асабістага карыстання незалежна ад іх кошту і вагі.

2) Беларускія рублі, замежная валюта, дарожныя чэкі не падлягаюць мытнаму дэклараванню і могуць перамяшчацца па "зялёным калідоры”, калі іх агульная сума не перавышае ў эквіваленце 10 000 долараў.

3) У вас адсутнічае чужы багаж.

4) Вы ўвозіце транспартны сродак, зарэгістраваны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан або Расійскай Федэрацыі.

Праз “зялёны калідор” можна выехаць з Беларусі, калі:

1) Вы вывозіце тавары, якія не падлягаюць абкладанню мытнымі плацяжамі.

2) Вывозяцца тавары, вываз якіх не забаронены і не абмежаваны.

3) Вывозяцца беларускія рублі, замежная валюта, дарожныя чэкі, агульная сума якіх не перавышае ў эквіваленце 10 000 долараў.

4) Вы вывозіце транспартны сродак, зарэгістраваны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан або Расійскай Федэрацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі