9 з Польшчы і 0 з Беларусі: хто трапіў у Шанхайскі рэйтынг універсітэтаў
Ягелонскі ўніверсітэт
Апублікаваны Шанхайскі рэйтынг універсітэтаў. Сёлета ён уключае 1000 ВНУ з 60 краін. Расказваем, хто туды трапіў.
Найлепшыя з найлепшых
Ад пачатку існавання Шанхайскага рэйтынга ў ім традыцыйна лідзіруе Гарвардскі ўніверсітэт. Першую дзясятку найлепшых займаюць універсітэты з дзвюх краін: ЗША і Вялікабрытанія. Найлепшы з брытанскіх — Кембрыдж, які знаходзіцца на 4 месцы.
Шанхайскі рэйтынг амерыканскія ўніверсітэты вельмі шануе: у топ-10 уваходзяць адразу 8 ВНУ з ЗША, а ў першай сотні кожны трэці ўніверсітэт — амерыканскі.
Найлепшы ўніверсітэт у ЕС — Парыж-Саклейскі ўніверсітэт (як не складана здагадацца, з Францыі). Ён займае 15-е месца.
А найлепшы ўніверсітэт у Азіі — Універсітэт Цінхуа з Кітаю. Ён на 22-м месцы.
Што па ўніверах краін былога СССР?
Шанхайскі рэйтынг выбірае найлепшыя ўніверсітэты з дапамогай даволі строгіх крытэраў. Гэта тлумачыць той факт, што ў ім ёсць навучальныя ўстановы толькі з трох былых савецкіх рэспублік: Літвы, Эстоніі і Расіі.
Літва і Эстонія прадстаўленыя кожная адным ВНУ: Віленскі і Тартускі ўніверсітэты адпаведна. Першы знаходзіцца ў пятай сотні рэйтынга, другі — у сёмай.
Найлепшы універсітэт Расіі — МДУ (111-е месца).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.