Абама і Пуцін на фрэсках касцёла ў Віцебску: мастак патлумачыў сваю ідэю

Абама і Пуцін на фрэсках касцёла ў Віцебску: мастак патлумачыў сваю ідэю

У віцебскім касцёле Святога Антонія Падуанскага з’явіліся вельмі незвычайныя насценныя роспісы. Анёлы тут граюць на бас-гітары і саксафоне, а разам з біблейскімі персанажамі намаляваныя ваенныя ў камуфляжы, мужчыны ў дзелавых строях. Але найбольшую ўвагу прыцягвае сюжэт глыбокай пашаны валхвоў нованароджанаму Ісусу. Перад Паннай Марыяй і немаўлём выкладаюць дары людзі, вельмі падобныя да Уладзіміра Пуціна, былога прэзідэнта ЗША Барака Абаму і Далай-ламу. 

“Для мяне асноўны лейтматыў у мастацтве і рэлігіі — наколькі яны паспяваюць за рэчаіснасцю, якая ўвесь час змяняецца, — распавядае Еўрарадыё аўтар фрэсак, мастак Уладзімір Кандрусевіч, цёзка па прозвішчы галоўнага католіка Беларусі. Гэта не нейкая гісторыя казачнага характару, што адбылася 2000 гадоў таму. Гэта тое, што адбываецца і цяпер. “Пак.ланенне каралёў і жабракоў” — так мы назвалі гэтую фрэску. То бок моцных гэтага свету і тых, хто стаіць на апошняй сацыяльнай прыступцы. А далей вялікае поле для інтэрпрэтацый. І ёсць такі момант: калі памятаеце, дары неслі тры каралі: Каспар, Бальтазар і Мельхіёр, якіх часцей за ўсё малююць як прадстаўнікоў розных рас — цемнаскуры, светласкуры і жаўтаскуры. Таму такія героі вельмі добра падышлі”.

Па словах мастака, ідэя зрабіць класічныя біблейскія сюжэты больш сучаснымі нарадзілася праз выгляд самога будынка касцёла. Гэта перабудаваны дом культуры, таму класічныя фрэскі выглядалі б папросту недарэчна. А ўжо якія дэталі дадаваць і якіх персанажаў уводзіць, мастак вырашаў разам з ксяндзом Вячаславам Боркам. Што праўда, сам Уладзімір Кандрусевіч сябе вынаходнікам не лічыць.

“Не бачу нічога дрэннага ў тым, што з’яўляецца трактар ці іншыя сучасныя рэчы. Можна паглядзець працы якога-небудзь Эль Грэка, які маляваў анёлаў са скрыпкамі, віяланчэлямі. На той момант гэта таксама былі новыя інструменты, яны таксама рэзалі вока, падаваліся рэвалюцыйнымі, прарыўнымі. Узяць таго ж Брэйгеля, які намаляваў сцэну збіцця немаўлятак у сучаснай для яго галандскай вёсцы. Усё гэта на снезе адбываецца, відавочна не ў біблейскіх мясцінах. Так што мы не першыя актуалізуем біблейскія сюжэты”.

Уладзімір Кандрусевіч распісаў ужо сем касцёлаў і ў многіх рабіў асобныя фрэскі, напрыклад, толькі над алтаром. Але дадаваць сучаснасць у класічныя біблейскія сюжэты атрымліваецца не заўсёды — усё залежыць і ад самога будынка, і ад ксяндзоў. Тым не менш, прыход касцёла Святога Антонія Падуанскага працамі мастака задаволены.

“Тыя, хто да мяне падыходзіць, падыходзяць хутчэй з водгукамі захаплення, — прызнаецца Уладзімір Кандрусевіч. — Тыя, каму не падабаецца, часцей замоўчваюць і не жадаюць са мной размаўляць. Так што я чую збольшага станоўчыя водгукі. Ёсць людзі, якія кажуць, што стылістыка культавых будынкаў іх адштурхоўвае, бо яны не бачаць сувязі з рэчаіснасцю. А тут, гавораць, ім лёгка дыхаць. Былі і такія водгукі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі