Ад "бруднай" нафты "Белнафтахім" страціў на экспарце 800 мільёнаў долараў
У выніку паставак "бруднай" нафты экспарт "Белнафтахіма" знізіўся на 800 мільёнаў долараў у параўнанні з мінулым годам. Такую лічбу назваў міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой у праграме "Галоўны эфір" тэлеканала "Беларусь 1".
"Праз аб'ектыўны фактар — брудную нафту — мы былі вымушаныя ўласную нафту, якую здабываем, часткова перапрацоўваць на сваіх заводах. І існавалі ў рэжыме пэўных абмежаванняў паставак. Калі паглядзім экспартную статыстыку, па "Белнафтахіму" гэта мінус 800 мільёнаў долараў да мінулага года. Вядома, перакрыць такія аб'ёмы за кошт іншых сектараў было вельмі складана", — прызнаўся міністр.
Як паведамлялася раней, 19 красавіка "Белнафтахім" заявіў, што якасць расійскай нафты, якая паступае па трубаправодзе "Дружба", рэзка пагоршылася. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (Мазырскі НПЗ і наваполацкі "Нафтан") былі вымушаныя істотна знізіць загрузку магутнасцяў і панеслі страты. Ад паставак "бруднай" расійскай нафты тады адмовіліся яшчэ некалькі краін.
Чыстая нафта паступіла на мяжу Беларусі па нафтаправодзе "Дружба" толькі 2 траўня.