Ад каталікоў Дзеркаўшчынскай парафіі патрабуюць 24 млн рублёў
Вернікі Дзеркаўшчынскай парафіі, што на Глыбочыне, павінныя заплаціць за праект ахоўнай зоны вакол касцёла.
Касцёл быў пабудаваны у пачатку ХІХ стагоддзя і з’яўляецца цяпер гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
“Наш касцёл жыве на ахвяраванні людзей, і такія грошы нам сабраць нерэальна, — кажа верніца Дзеркаўшчынскай парафіі Ганна. — Яны прапаноўваюць, каб нам хто-небудзь дапамог, які-небудзь мецэнат. Але хто нам дапаможа? Гэта ж вялікая сума”.
Іншая парафіянка, Марыя, дадае, што некалі касцёл стаяў у руінах, і дзяржаве не было да яго справы, а цяпер за праект ахоўнай зоны хоча такую суму:
“Калі гэта дзяржаўны архітэктурны помнік, дык ці не сама дзяржава павінная дакументы зрабіць за свой кошт, а не за мае грошы?”
Кіраўнік касцельнага камітэта ў Дзеркаўшчыне Уладзімір Фярковіч вырашыў заплаціць за праект з грошай, што раней сабралі на рамонт храма. Аднак вернікі выступілі супраць.
“Я лічу, што калі грошы сабраныя на рамонт касцёла, то яны і павінныя ісці толькі на рамонт касцёла і ні на ніякія іншыя мэты”, — тлумачыць сябра касцельнага камітэта Уладзімір Тупека.
Кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч не ўбачыў у сітуацыі парушэння беларускага заканадаўства:
“Я магу сказаць, што тое, чаго патрабуюць зоны аховы, — правамерна, гэта кладзецца ў межы Закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, і ахоўныя зоны робяцца за кошт уладальніка гісторыка-культурнай каштоўнасці”.
Аднак кіраўнік Таварыства аховы помнікаў гатовы дапамагчы вернікам скласці адпаведную дакументацыю, каб зменшыць выдаткі на аплату афармлення праекту.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма