Ад танка да дома Гайдукевіча: што не так з атакамі беларускіх “мсціўцаў”
Днямі Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне ўдзельніка групоўкі "Супраціў". Разам з двума іншымі мужчынамі ён прабіў колы і абліў фарбай машыну суддзі ў Барысаве. Гэта адбылося аж паўгода таму — у сакавіку 2021-га.
Эпізод не трапляў у навіны ні “экстрэмісцкіх тг-каналаў”, ні дзяржаўных СМІ. Калі б не паведамленне СК, то шырокая грамадскасць пра яго бы і не даведалася. Гэта наводзіць на думку, што ўлады дзеляцца з намі толькі тымі выпадкамі, калі “радыкальна настроеных грамадзян” атрымалася злавіць.
Рэальны ж маштаб “партызанскай вайны” пасля выбараў 2020 года цяжка ўявіць. Выглядае на тое, бо сілавікі спрабуюць не афішаваць эпізоды, калі пакрыўджаныя несправядлівасцю грамадзяне помсцяць уладам ды ладзяць самасуд.
Еўрарадыё прыгадала самыя гучныя выпадкі, калі ўлады ўсё-ткі схапілі беларускіх мсціўцаў. Аднак некаторыя гісторыі пакідаюць больш пытанняў, чым адказаў.
Размаляваны аўтамабіль жонкі міліцыянера
Хвалі паведамленняў пра сапсаваную маёмасць чыноўнікаў і сілавікоў пачалі з’яўляцца адразу пасля выбараў: прабітыя колы ў машынах, размаляваныя дзверы кватэраў і гэтак далей.
Адных з першых падпольшчыкаў жорстка затрымалі 29 верасня ў Новай Баравой на гарачым. Пратэстоўцы пракалолі шыны, запенілі мантажнай пенай дзверы і залілі фарбай кузаў аўтамабіля жонкі міліцыянера. У тлумачэнні на міліцэйскім відэароліку адзін з іх казаў: даведаліся, што аўтамабіль належыць міліцыянеру, які вызначыўся сваёй жорсткасцю ў часе пратэстаў.
У лютым 2021 года 5 чалавек па гэтай справе адправілі ў калонію — за “злоснае хуліганства” (матэрыяльную шкоду ацанілі на 5222 рублі). Яны атрымалі тэрміны ад 2 да 6 гадоў калоніі.
На судзе высветлілася, што на справу ішлі дзевяць чалавек: пяцёра абвінавачваных і чацвёра тых, каго знайсці нібыта не ўдалося. Усе яны былі ўдзельнікамі аднаго чата. Таксама з матэрыялаў справы стала зразумела, што за абвінавачванымі ўжо назіралі, усе размовы ў часе іх сустрэч напярэдадні, 28 верасня, запісваліся на дыктафон.
Сваякі абвінавачваных лічаць, што "невядомыя" асобы былі правакатарамі, якія падштурхнулі абвінавачваных да супрацьпраўных дзеянняў. Хто менавіта быў ініцыятарам ідэі пашкодзіць аўто, абвінавачваныя так і не ўспомнілі, затое ўсе яны ўпэўнена кажуць, што “дзейнічаць жорстка” прапанаваў адзін з нявысветленых хлопцаў. Куратара-правакатара так і не знайшлі (ці не шукалі).
Дом, які не спалілі Гайдукевічу
У чэрвені 2021 года адыёзны дэпутат Алег Гайдукевіч заявіў, што ўначы ў яго дом кінулі тры бутэлькі з запальнай сумессю, але спрацавала толькі адна з іх. У выніку пацярпела котка, якая атрымала апёкі.
15 верасня Камітэт дзяржбяспекі адсправаздачыўся пра затрыманне 20 чалавек, якія кідалі “кактэйлі Молатава” ў дом Гайдукевіча. На затрыманых пачалі крымінальную справу па артыкуле “Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча”. Ім пагражае да 15 гадоў зняволення.
СТБ у той жа дзень выпусціў сюжэт пра затрыманых. Сярод іх ёсць сям’я нейкіх Вайцяховічаў, якія, па версіі следства, “за свае тэрарыстычныя атакі атрымлівалі буйныя сумы грашовых сродкаў з-за мяжы”.
З рэпартажу вынікае, што аператыўнікі за імі, як і за “мсціўцамі” з Новай Баравой, назіралі яшчэ да здзяйснення “актаў тэрарызму”. То-бок фактычна дазволілі закідаць дом Гайдукевіча “кактэйлямі Молатава”.
Аднаго з Вайцяховічаў сілавікі затрымалі ў Барысаве толькі праз месяц — 13 жніўня. Мужчына нібыта спрабаваў падпаліць машыну міліцыянера, але ў яго не атрымалася: хутка падаспелі сілавікі. Чаму яму не перашкодзілі ў часе нападу на дом Гайдукевіча, застаецца толькі здагадвацца.
Што маем: у часе абодвух нападаў пацярпела толькі котка Гайдукевіча, а маёмасць і людзі — не. Вось гэта пашчасціла.
Танк, які не адразу “разгарэўся”
Відэа з падпаленым у Мінску танкам з'явілася ў сацсетках на пачатку лютага 2021-га. Нібыта гэта быў “акт грамадзянскага непадпарадкавання... за маўчанне войска”. У Мінабароны Беларусі тады заявілі, што насамрэч танк непашкоджаны і паўдзельнічае ў вучэбным баі на палігоне. І нават змясцілі яго фота.
Хіба так бы пра “фэйк” і забыліся, але амаль праз паўгода на 10 гадоў калоніі строгага рэжыму асудзілі 26-гадовага мінчука. За што? За падпал таго самага танка… Кваліфікавалі гэта як “акт тэрарызму”.
Хлопец віну прызнаў часткова: падпал танка быў, але ён заявіў, што не згодны з кваліфікацыяй і тым, што гэта было зроблена з палітычных матываў.
Хлопца вылічылі па відэазапісе з “Еўраопта”, куды ён пайшоў каля чатырох гадзін раніцы пасля кідка “кактэйлю Молатава” ў танк. Затрымалі яго 13 лютага.
Чаму ж Міністэрства абароны спачатку назвала падпал фэйкам? Выглядае на тое, што яны паспяшаліся, думаючы, што падпальшчыка не знойдуць і ён не атрымае пакарання. Але, калі яго схапілі, было ўжо позна адмаўляцца ад сваіх слоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.