Ад Ярмошынай запатрабавалі дадатковага эфіру для кандыдатаў

Ад ЦВК і асабіста старшыні камісііЛідзіі Ярмошынай запатрабавалі, каб цягам наступных двух тыдняў кожнаму з кандыдатаў у прэзідэнты дадаткова далі па 1 гадзіне тэлеэфіру. Паводле словаў кіраўніка выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэя Дзмітрыева, гэта абсалютна законнае патрабаванне роўных правоў для ўсіх кандыдатаў.

Андрэй Дзмітрыеў: “Для нас вельмі важна, каб людзі Беларусі мелі хаця б гэтыя хвіліны, калі яны чуюць праўду. І мы патрабуем ад Цэнтрвыбаркама, у старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай: “Дайце магчымасць казаць праўду ў прамым эфіры!”. Усяго толькі адну гадзіну праўды для кожнага кандыдата на наступным тыдні і на апошнім тыдні перад выбарамі”.


Далучыўся да патрабаванняў актывістаў кампаніі і пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Уладзімір Арлоў: “Той, хто бывае ў дэмакратычных краінах, ведае, што кандыдаты маюць магчымасці роўныя да самага “дня цішыні” — да дня напярэдадні выбараў. Удзельнічаць у дэбатах, выступаць, звяртацца да сваіх выбаршчыкаў. Як заўгодна, а не тады, як ім укажуць: менавіта ў гэты дзень, у гэты час і 30 хвілін. Так было ва Ўкраіне, у нашых бліжэйшых суседзяў, так было ў Літве. І таму я думаю, што гаворка павінна ісці не пра адну гадзіну жывога эфіру, а ўвогуле пра роўныя магчымасці для ўсіх кандыдатаў”.

Таксама актывісты кампаніі выказалі свае прэтэнзіі да кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.

“29 лістапада па беларускіх тэлеканалах была паказана сустрэча дзеючага прэзідэнта і адначасова кандыдата ў прэзідэнты са сваімі даверанымі асобамі. І такім чынам былі парушаныя гарантыі на роўнае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Бо другія кандыдаты не маюць такой магчымасці паказаць беларускім людзям свае сустрэчы і абмеркаванне сваіх спраў. Акрамя таго, сустрэча з даверанымі асобамі праходзіла ў працоўны час і ў дзяржаўных установах. Мы просім разабрацца з гэтым выпадкам і даць яму прававую ацэнку”, — заявіла сябра Цэнтрвыбаркама з дарадчым голасам і давераная асоба Уладзіміра Някляева Таццяна Процька.

Удзельнікі акцыі паспрабавалі выклікаць да сябе старшыню ЦВК Лідзію Ярмошынуальбо сакратара Мікалая Лазавіка, каб перадаць ім гэтае патрабаванне. Але замест гэтага у ЦВК запрасілі двух прадстаўнікоў Уладзіміра Някляева. Пайшлі Ўладзімір Арлоў і Таццяна Процька.

Як высветлілася, ні з кім з кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама ім сустрэцца так і не давялося. Ліст з патрабаваннямі ў іх прыняла супрацоўніца аддзела па працы са зваротамі грамадзян. Калі зварот могуць разгледзіць, ім не патлумачылі. Але Таццяна Процька паабяцала, што ўзніме пытанне дадатковага эфірнага часу на бліжэйшым пасяджэнні ЦВК. Праўда, папярэдзіла, што сэнсу ў гэтым будзе мала.

Таццяна Процька: “Я магу ўзняць гэтае пытанне. Як я ўзнімала мінулым разам пытанне аб уключэнні ў расклад дня разгляд гэтых пытанняў. Але, на жаль, працэдура адпрацаваная, і ніякія імправізацыі не праходзяць”.

Дарэчы, перад самым пачаткам акцыі трактар і спецмашына ўзяліся актыўна чысціць снег менавіта на пляцоўцы перад уваходам у Цэнтрвыбаркам. Яны ўпарта вярталіся менавіта на тое месца, дзе стаялі “някляеўцы”, прымушаючы перыядычна саступаць дарогу і пераходзіць з месца на месца.


 “Несанкцыянаваную” акцыю здымалі і тры “спецаператары”.



Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі