Адарвацца ад постсавецкага наратыву. Акудовіч — пра новы курс гісторыі Беларусі

У Беларусі абмяркоўваюць новую праграму па гісторыі для школьнікаў / gsu.by
У Беларусі абмяркоўваюць новую праграму па гісторыі для школьнікаў / gsu.by

У Беларусі абмяркоўваюць праект навучальнай праграмы новага курсу па гісторыі. Яго распрацоўваюць спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. Максіма Танка.

Плануецца, што курс “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” будуць выкладаць у 10 і 11 класах з 2025/2025 навучальнага года. Падручнік з’явіцца раней, яго пратэстуюць у асобных навучальных установах.

Пра тое, ці патрэбны такі курс беларускім падлеткам і якія акцэнты ў ім варта было б зрабіць, “Еўрарадыё” паразмаўляла з беларускім гісторыкам і экскурсаводам Цімафеем Акудовічам.

— Па маіх успамінах, канцэпцыя “Беларусь у сусветным кантэксце” распрацоўвалася яшчэ ў часы майго студэнцтва ў першай палове нулявых. Тады нават дапаможнікі пра гэта выходзілі. Гэта працяг наезджанай каляіны, абсалютна нармальнае жаданне, якое ўзнікла даўным-даўно, — паспрабаваць укласці Беларусь у сусветна-гістарычны кантэкст, — адзначае Цімафей Акудовіч.

Адарвацца ад постсавецкага наратыву. Акудовіч — пра новы курс гісторыі Беларусі
Цімафей Акудовіч / Еўрарадыё

Гэты курс, на думку эксперта, не мусіць быць пра спрэчкі наконт агульных для беларускай, рускай, літоўскай, польскай гісторыі падзей. Але адначасова з гэтым ён у ідэале мусіць дапамагчы адарвацца ад постсавецкага наратыву, які шмат у чым робіць беларускую гісторыю залежнай ад гісторыі Расіі.
 

—  У прынцыпе, гісторыя Беларусі натуральным чынам уваходзіць у сусветны кантэкст. І мне падаецца, што гэтая канцэпцыя мусіць распрацоўвацца ў такім празаходнім кірунку. Проста таму, што “рускі мір” не цярпіць ніякага сусветнага кантэксту. Вы выбіраеце: альбо вы распрацоўваеце сваю гісторыю ў сусветным кантэксце, і тады там будзе ўсё, у тым ліку, Маскоўскае княства (але там будзе і Еўропа, і Азія, і як гэтыя працэсы судакраналіся), альбо распрацоўваеце канцэпцыю “рускага міру”, які заўсёды жыў сам па сабе і ніколі не звяртаў увагі на ўсе гэтыя сусветныя трэнды. Таму, я думаю, працяг гэтай ідэі Беларусі ў сусветным кантэксце — добрая з’ява. І я не зусім разумею, як там “рускі мір” можа праявіць сябе, — разважае гісторык.


Мяркуецца, што курс будзе ахопліваць не толькі навейшую гісторыю Беларусі, але таксама старажытную і сярэднявечную. Прасторы для маніпуляцый і прасоўвання ідэалагічна вывераных ідэй тут шмат, але эксперт верыць у сумленнасць беларускіх навукоўцаў.

 

— Напісанне любой гісторыі Беларусі ўнутры Беларусі — гэта палітызаваны працэс. Наколькі беларускія гісторыкі ўнутры змогуць адбівацца ад палітыкі ў гэтых справах і заставацца ў сферы навукі — вось гэта пытанне ўнутраных баталій, якія, на жаль, напэўна будуць у гэтай справе. Тая ж Старажытная Русь. Вікінгі, нарманы. Я ўпэўнены, што не будзе перамогі антынарманістаў — знакамітай расійскай канцэпцыі, калі спрабавалі даказаць, што вікінгі не мелі дачынення да дзяржаўнасці старадаўняй Русі, што іх там не было ніколі. Відавочна, там будзе прадстаўленая навуковая версія, якая звязвае гісторыю старадаўняй Русі з гісторыяй Скандынавіі, а гэта ёсць сусветны кантэкст. Яшчэ з гісторыяй Візантыі, адпаведна, — прыводзіць прыклад Цімафей Акудовіч.
 

Адарвацца ад постсавецкага наратыву. Акудовіч — пра новы курс гісторыі Беларусі
Бітва пад Палонкай 1660 г – частка сусветнага працэсу / artinfo.pl

Агулам падручнік пра гісторыю Беларусі ў сусветным кантэксце можа атрымацца даволі цікавым, калі сапраўды раскрые невідавочныя сувязі паміж нашымі падзеямі і сусветнымі. Гісторык прыводзіць яшчэ колькі прыкладаў:

— Беларусь у сусветным кантэксце — гэта пошук прычын у нашых, тутэйшых справах, праблемах. Пра раскрыццё гісторыі Беларусі на новым узроўні, вышэйшым, глабальным. Чаму бульбу пачалі есці, адкуль унія паўстала, чаму вайна была такая страшная ў сярэдзіне 17 стагоддзя?

Брэсцкая унія знакамітая, з якой з’явілася ўніяцтва, — гэта, у пэўным сэнсе, працэс, які распачаў еўрапейскі пратэстантызм, калі пачалі з’яўляцца новыя віды канфесій. Наша унія — частка сусветнага працэсу, і няшмат хто пра гэта ведае.

Ці крывавы патоп, сярэдзіна 17 стагоддзя — палову насельнікаў Беларусі знішчыла Масква. Гэта таксама агульнаеўрапейскі працэс. У Еўропе таксама першая палова і сярэдзіна 17 стагоддзя — гэта страшныя войны ва ўсёй Еўропе. 

Важныя эканамічныя змены ў канцы 19 стагоддзя ў Беларусі, звязаныя з пашырэннем бульбы, напрыклад, звязаныя з сусветным крызісам вырошчвання збожжа і развіццём міжкантынентальных перавозак.

Гэта важная справа, якую, я спадзяюся, беларускія гісторыкі нават у цяперашняй сітуацыі змогуць выканаць, можа быць, менавіта таму, што гэтая тэма нібыта абыходзіць дыскусійныя моманты, — заключае Цімафей Акудовіч.

Адарвацца ад постсавецкага наратыву. Акудовіч — пра новы курс гісторыі Беларусі
Ігар Марзалюк – навуковы кансультант падручніка / facebook.com/gistfak

Хто працуе над новым курсам і падручнікам?

Навуковым кансультантам падручніка і адпаведнага курсу па гісторыі стаў Ігар Марзалюк. Ён доктар гістарычных навук і старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ён жа ўваходзіў у працоўную групу па выданні падручніка па гісторыі беларускай дзяржаўнасці для ВНУ.

Кіраўнік аўтарскага калектыву, як гаворыцца на старонцы Нацыянальнага інстытута адукацыі, — Аляксандр Каханоўскі, дэкан гістфака БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар.

— Навуковец ён не сказаць каб надта аўтарытэтны, ён сын свайго бацькі — а яго бацька Геннадзь Каханоўскі быў сапраўды выбітным і прынцыповым вучоным, краеведам. Хутчэй за ўсё, Каханоўскі ў гэтым праекце — фігура, якая назірае і кантралюе, каб усё было ў межах дзяржаўнай ідэалогіі, — ананімна расказвае пра Каханоўскага выпускнік гістфака.

Адарвацца ад постсавецкага наратыву. Акудовіч — пра новы курс гісторыі Беларусі
Аляксандр Каханоўскі, дэкан гістфака БДУ / facebook.com/gistfak

Таксама ў спісе аўтараў — Уладзімір Кошэлеў, загадчык кафедрай гісторыі новага і навейшага часу гістфака БДУ, усходазнаўца. Ён час ад часу выступае ў дзяржаўных медыя з інтэрв’ю ці каментарамі: напрыклад, наконт абгрунтаванасці даты святкавання Дня незалежнасці або наконт расійска-турэцкіх адносін. Дзесяць гадоў таму ён праславіўся як прафесар, які прапанаваў паставіць у Мінску помнік цару Аляксандру II.

Яшчэ адзін навуковец з гістфака БДУ — Сцяпан Цёмушаў, прафесар кафедры гісторыі Расіі, знаўца старажытнай гісторыі.

— Сапраўды цікавы і моцны вучоны, як і яго брат. Яны за старажытную гісторыю адказваюць, за паходжанне славянства, рабілі надзвычай дакладную карту рассялення старажытных плямён, — такі водгук даў на прафесара яго былы студэнт.

Сяргей Ходзін, загадчык кафедрай крыніцазнаўства гістфака БДУ даследуе сацыяльна-эканамічную і палітычную гісторыю XX стагоддзя. Ён таксама працаваў над падручнікам па гісторыі беларускай дзяржаўнасці.

Таксама ў калектыў аўтараў уваходзяць гісторыкі з універсітэтаў Гомеля, Гродна і Магілёва, знаўцы гісторыі заходняй Беларусі, XVII-XVIII стагоддзяў, Сярэднявечча, гістарыяграфіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі