Адбор на Еўрабачанне: бабуля-рокерша, зомбі, фокусы ды “Мілкі” Рыбака

Сёлетні адбор на "Еўрабачанне" карыстаецца небывалым попытам. Прадставіць Беларусь на еўрапейскім песенным конкурсе пажадалі каля ста выканаўцаў. Таму так званае праслухоўванне, а фактычна паўфінал, праходзіць у два дні. Што праўда, разбілі канкурсантаў не вельмі зразумела: першы дзень — 60 чалавек, другі — 40. Зоркі беларускай эстрады кшталту Гюнэш, Жанэт, Юзары і г.д. чамусьці выступаюць разам на другі дзень. “Як дасылалі заяўкі, так мы іх сфармавалі. А ўсе зоркі даслалі заяўкі ў апошнія дні”, — тлумачыць недарэчнасць прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі Святла Смалонская-Краскоўская. Зоркі, так непрыгожа!

Адбор пачынае загарэлы хлопец з Баранавічаў Leonardo. Жвавенька, з відавочным хваляваннем, але наладжвае на не самае нуднае баўленне часу. Праўда, старшыня журы Аляксандр Ціхановіч асаджвае хлопца, маўляў, песня 3:10, а рэгламент дазваляе да трох хвілін. І з гэтага моманту ўсіх, хто зацягвае выступ, папросту абрубаюць. Нават пенсіянерцы з невялічкага Косава Людміле Рудай, якая выйшла на сцэну ў скуры, бандане, ланцугах ды чарапах, не даюць датанчыць і даспяваць прыпеў уласнай песні “Бабуля-рокерша”.

“Я хацела паказаць, што “Еўрабачанне” — гэта не толькі вакальны конкурс, але і ў вялікай ступені шоў, — кажа Людміла Барысаўна. — Калі мінулым разам я ўбачыла Канчыту Вурст, то адразу ж зразумела, што гэта пераможца. Бо Еўрабачанне мусіць шакаваць, здзіўляць і прафесіяналізм асабліва не важны”.

Бабуля-рокерша лічыць, што ў фінале на роўных з прафесійнымі музыкамі мусяць з’яўляцца і такія, як яна, якія ставяць на эпатаж і шоў, каб ужо гледачы вызначалі, каго яны больш жадаюць убачыць прадстаўніком краіны.

Найбольш чаканыя для журналістаў і журы Aliya і зомбі-бэнд Sweet Brains. Касцюмы мінскіх музыкаў, якія ўжо паспелі пашумець у інтэрнэце, прыцягваюць увагу ўсіх прысутных задоўга да пачатку адбору. Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі кідаюць працу і групкамі прыходзяць паглядзець жывых мерцвякоў у працоўным фае. Песня “Run Away” — адназначна вартая фіналу, а вось выкананне псуе ўражанне. Хлопцаў-замбакоў амаль не чуваць, відаць, праз маскі мікрафоны не вельмі жадаюць лавіць голас.

Дарэчы, на праблемы з гукам наракаюць многія выступоўцы. Нават, удзельнікі шматлікіх музычных шоў ды конкурсаў трыа “Інжыр”, якія выйшлі на сцэну адбору пад англамоўным варыянтам сваёй назвы The Figs, выглядаюць даволі разгублена.

“Насамрэч, быў не вельмі добра адладжаны гук, — прызнаюцца дзяўчаты. — Было крыху дыскамфортна спяваць, хоць гэта не апраўданне для артыста. Але нам бы вельмі хацелася патрапіць у фінал, гэта такая звышзадача для нас. Што тычыцца менавіта песень, то сёння вельмі шмат сапраўды харошых, хапае і харошых вакалістаў, але мы спадзяемся, што ў нас ёсць шанец”.

Колькасць канкурсантаў, якія выходзяць на сцэну ў “вышымайках” уражвае і весяліць. Шчыльнасць беларускай мовы на праслухоўванні ўвогуле падаецца рэкорднай.

“Мы не прэтэндуем на перамогу, — каментуюць музыкі гурта Navi, якія выконваюць новую песню “Выберу сам”. — 20 снежня мы прэзентуем новы акустычны беларускамоўны альбом, таму вырашылі адну з песень выканаць тут, так бы мовіць, паспрабаваць свае сілы. Нам падаецца, што гэта цудоўна, калі ёсць такі варыянт паехаць на Еўрабачанне і спяваць на роднай мове. Было б цудоўна, калі б беларуская песня прайшла, але “Еўрабачанне” — не ёсць мэтай нашай творчасці”.

Нават нязменныя ўдзельнікі адбораў гурт Aura пад кіраўніцтвам Яўгена Алейніка прэзентуюць вельмі моцны беларускамоўны трэк, і робяць гэта “для сябе”.

“Справа не ў тым, пройдзе далей нумар ці не! Мы проста хочам лішні раз паспяваць, — кажуць музыкі. — Калі да нас прыходзяць маладыя выканаўцы і кажуць: “Мы хочам спяваць, усуньце нас у тэлевізар!” А мы іх пытаем: “А што вам перашкаджае проста так спяваць?” Вось мы прыйшлі сюды проста спяваць, бо нам падабаецца, і мы ні на што не разлічваем. А калі пройдзем у фінал, то галоўнае — захаваць вось гэты настрой. Бо практыка паказвае, што тыя, хто жадае, нікуды не праходзіць, а тыя, хто проста спявае для задавальнення — праходзяць!”

Прыкладна на сярэдзіне праслухоўвання журы становіцца больш лагодным. Нягледзячы на рэгламент, нават дазваляюць гурту Drug.ie выканаць песню пад жывую гітару і драм-машынку. А вось Rokash адпраўляюць на наступны дзень, каб паспелі зрабіць мінус. Гурт The Apples прыйшоў падрыхтаваны, але пасля выступу музыкі пачалі сумнявацца, ці патрэбны ім працяг.

“Вакалісту яшчэ ладна, а вось для інструменталіста гэта — папрацаваць шафай, — абураецца на фанеру гітарыст квартэту. — Калі пройдзем, то не ведаю, што будзем рабіць. Будзем вырашаць праблемы па меры іх узнікнення”.

Ужо трэці раз запар на Еўрабачанне спрабуе трапіць Алекс-Нармалекс, якога за мінулагодні нумар празвалі фрыкам за ролікі ды вобраз Дарта Вэйдэра. Сёлета ўсё больш сціпла. Алекс спявае песню пра “бабкі” (грошы), а паралельна паказвае фокусы з рознымі купюрамі ды манетамі. Выглядае даволі эфектна, але журы, відаць, не ўражвае.

За ўвесь дзень апладысменты зрываюць толькі два калектывы. Адзін з іх, натуральна, гёрлз-бэнд Аляксандра Рыбака “Мілкі”. Што праўда, незразумела, на што больш рэагуюць: на пяць прыгожых дзяўчат, якія выглядаюць сапраўды эфектна, у тым ліку, і па песенна-танцавальных параметрах, ці ўсё ж на тое, што гэтых дзяўчат рыхтуе сам Рыбак.

“Публіцы спадабалася. Праўда, я не ведаю, чаму! Можа таму, што я сядзеў у зале! — жартуе пераможца “Еўрабачання-2009”. — Я бачыў, што людзі ўсміхаліся, а менавіта гэтага я і хацеў дасягнуць. Пакуль мы не думаем пра будучыню, бо пакуль удзельнічаем у конкурсе, але будзе і другая, і трэцяя песня, магчыма зробім дуэт… Але пра гэта потым”.

Фаварытамі Еўрарадыё, нягледзячы на ўсё іншае, у першы дзень праслухоўванняў стаў брэсцкі гурт Muzzart — калектыў кансерваторскіх музыкаў, некаторыя з якіх паралельна граюць у розных рок-праектах. Яны хіба адзіныя выканалі песню, якая прымусіла рухацца ўсіх прысутных. А сцэнічны нумар захапіў сваёй прастатой, гумарам і артыстызмам.

“Мы вырашылі паказаць, што ў Беларусі ёсць не толькі папса, але і нармальная музыка, — адразаюць брастаўчане. — Мы прыехалі перамагаць, і спадзяёмся, у нас атрымаецца”.

Вынікі абодвух дзён праслухоўвання будуць абвешчаныя 5 снежня ўвечары. Фінал адбудзецца 26 снежня ў выглядзе вялікага тэлеканцэрта. Прадстаўніка Беларусі на Еўрабачанне-2015 у Вене абяруць шляхам глядацкага галасавання і галасавання ўдзельнікаў кампетэнтнага журы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі