"Дзяўчына, ідзі лепш папрацуй" і іншыя гісторыі ад зборшчыкаў подпісаў

"Дзяўчына, ідзі лепш папрацуй" і іншыя гісторыі ад зборшчыкаў подпісаў

Журналістка Ірына Халіп, якая апошнімі днямі збірае подпісы за вылучэнне ў Палату прадстаўнікоў, расказала ў “Фэйсбуку” дзіўную і непрыемную гісторыю:

“Сёння да нашага пікета падышоў смутнага выгляду чалавек і строга спытаў: “Што, ад габрэйскай партыі?” А потым тыцнуў пальцам у фатаграфію Максіма Вінярскага і дадаў: «Вось, адзіны славянскі мужык сярод вас, а вы ўсе — жыды»”.

Збор подпісаў працягваецца з пачатку верасня, і такіх гісторый у перапісчыкаў ужо шмат. Сабралі самае смачнае.

 

Гестапаўскі БЧБ-сцяг

Валерый Бычкоўскі з “Еўрапейскай Беларусі” распавядае пра “франтавіка”, які абазваў бел-чырвона-белы сцяг гестапаўскім.

“Прыйшоў дзед у гальштуку з пытаннем, якую краіну я прадстаўляў. Кажу: "Беларусь, вядома". Пытаецца, дзе беларускі сцяг. Паказваю на БЧБ. Кажа, што гэта не наш, што гэта гестапаўскі, што сам бачыў і быў на фронце. Пытаюся, колькі дзеду гадоў? Чую ў адказ, што "не твоё дело, щенок". Яшчэ нешта пра "Европа нас всегда душила", "За вас никто не проголосует", "Я с совещания в исполкоме — вас никто не пропустит". І пайшоў прадавачкам на мяне скардзіцца. Потым скруціў мне дулю і пайшоў упрочкі, мацюкаючыся”.

"Дзяўчына, ідзі лепш папрацуй" і іншыя гісторыі ад зборшчыкаў подпісаў
Valer Byčkoūski / facebook.com

“А вы маглі б зрабіць, каб не судзілі невінаватых?”

Рэжысёрка Вольга Мікалайчык расказала Еўрарадыё пра сустрэчу са школьнікам, які задаў ёй вельмі дарослае пытанне:

“Падыходзіць да пікета хлопчык-школьнік, маленькі такі, можа, другі-трэці клас. Увесь такі акуратненькі. Пытаецца, чаму я тут стаю. Я і распавяла, што стаю, каб потым магла вырашаць праблемы, каб сям’я твая магла мець добрую працу, добры адпачынак, каб бабулі і дзядулі маглі мець добрую пенсію і медыцыну. Ён яшчэ пастаяў хвілін дзесяць збоку, паглядзеў, нешта думаў. А потым падыходзіць і запытваецца: “А вы маглі б зрабіць, каб не судзілі невінаватых?” У мяне аж слёзы на вачах выступілі. Такое маленькае дзіця, але ўжо сутыкнулася з такой праблемай”.

Рэжысёрцы таксама трапляліся падазроныя асобы, якія спрабавалі справакаць канфлікт. Яна лічыць, што гэта праплачаныя і спецыяльна падасланыя людзі. Салідарнасці з пікетоўцамі і зборшчыкамі подпісаў нашмат больш.

“У некаторых дамах, калі звоніш у дзверы і кажаш, што збіраеш подпісы, дык пачынаецца такі крык і вэрхал! Крычаць і старыя, і малыя, і каты, і сабакі! Кшталту: “Навошта нам усе гэтыя дэпутаты? Яны ніколі нічога для нас не рабілі, мы не хочам гэтай улады, мы супраць!” І вось у гэтым крыку мяне нават не чуюць, што мы за незалежнага кандыдата, што мы таксама супраць сістэмы, што мы апазіцыя. Такія эмоцыі ў людзей, што часам немагчыма спыніць!”

 

Чалавек-сэндвіч дае 15-20 подпісаў за гадзіну

Дзяніс Ціханенка, былы памочнік дэпутаткі Ганны Канапацкай, выкарыстоўвае пры зборы подпісаў правераную часам тэхналогію: чалавек-сэндвіч.

“Мы першымі пачалі вешаць на чалавека такія нібыта рэкламныя блокі, на якіх была размешчана інфармацыя пра збор подпісаў. На гэта людзі рэагавалі і звярталі ўвагу, атрымлівалася збіраць па 15-20 подпісаў за гадзіну. І гэта пры тым, што ў нас усе сілы былі кінутыя на пакватэрны абыход”.

"Дзяўчына, ідзі лепш папрацуй" і іншыя гісторыі ад зборшчыкаў подпісаў
facebook.com/cihanenka

У астатнім размовы людзей не здзіўлялі зборшчыкаў. Як кажа Ціханенка, усё было стандартна: 

“Усё як заўсёды. Лукашысты кажуць пра Лукашэнку, а незадаволеныя выказваюць сваё меркаванне пра сістэму. Людзі хочуць проста выказвацца і агучыць сваё меркаванне. Але агулам усё было на пазітыве”.

На адным з пунктаў збору подпісаў побач знаходзіліся і прадстаўнікі БРСМ, якія збіралі подпісы за свайго кіраўніка. Па словах Ціханенкі, некаторыя прахожыя падыходзілі да праўладных зборшчыкаў і задавалі пытанні, а пасля ішлі да прадстаўнікоў Ганны Канапацкай і выказвалі сваё незадавальненне. Перш за ўсё тым, што чалавек з БРСМ, які “нічога ў сваім жыцці не зрабіў”, спрабуе стаць яшчэ і дэпутатам.

 

“Найгоршы непісьменны — палітычна непісьменны”

Жыхарку Рэчыцы Юлію Ганісеўскую здзіўляе абыякавасць людзей. Выбаршчыкі на яе акрузе нават ганарацца тым, што не лезуць у палітыку!

“Людзям пляваць на ўсё, што выходзіць за дзверы іх кватэр. Затое як ганарліва рэчычане заяўляюць аб тым, што іх палітыка не цікавіць! Прам аж з бляскам у вачах і ўсмешкай на твары. Палітычна непісьменны чалавек, настолькі дурны, што ганарыцца і раздзімае грудзі, кажучы, што ён ненавідзіць палітыку і ў выбарах удзельнічаць любым спосабам не будзе. А найгоршы непісьменны — палітычна непісьменны”.

 

"Дзяўчына, ідзі лепш папрацуй"

Алана Гебрамарыям з “Моладзевага блока”, якая вылучаецца па 98-й мінскай акрузе, прыгадвае адмовы, якія ёй давялося пачуць падчас збору подпісаў:

“Мы сустрэлі супрацоўніцу міліцыі, якая спяшалася дадому да дзіцяці, і з вялікай надзеяй спытала, ці абавязана яна ўвогуле ставіць подпіс: "Калі не, дык да пабачэння!" Быў смешны выпадак, калі жанчына адчыніла дзверы і амаль адразу зрабіла кшталту экспрэс-сумоўя: "Вы дакладна грамадзянка РБ? Колькі гадоў? Які стаж? Дзяўчына, ідзі лепш папрацуй".

"Дзяўчына, ідзі лепш папрацуй" і іншыя гісторыі ад зборшчыкаў подпісаў
Алана Гебрамарыям / facebook.com/alana.mariam.71

Збор подпісаў будзе працягвацца да 7 кастрычніка, а самі парламенцкія выбары адбудуцца 17 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі