Адмена "залатой акцыі" вачыма беларускіх СМІ

У Беларусі адменены інстытут асобага права дзяржавы – “залатая акцыя”. Пра гэту падзею паспяшаліся напісаць усе беларускія СМІ. Як не дзіўна, з асаблівым імпэтам яе ўхваляла дзяржаўная прэса.
“Для інвестараў адкрываюцца новыя магчымасці”, - абвяшчае загаловак “Советской Белоруссии”.

“Не сумняюся, што гэта рашэнне дазволіць прыцягнуць дадатковыя фінансавыя рэсурсы. Але не толькі ў гэтым адметнасць падзеі. Такі крок магчымы толькі ва ўмовах стабільнасці. Эканоміка выйшла на такі ўзровень, пры якім адміністратыўныя рычагі кіравання паступова губляюць сваю актуальнасць”, — выказвае сваё меркаванне на старонках газеты “Советская Белоруссия” старшыня праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк» Надзея Ермакова.

Прэс-служба прэзідэнта таксама матывавала рашэнне аб адмене “залатой акцыі” тым, што гэта “паўплывае на стварэнне спрыяльных умоваў для прыцягнення прамых замежных інвестыцый і дазволіць павысіць рэйтынг Беларусі на міжнародным узроўні”.

Цікава, што напрацягу многіх год пра неабходнасць адмены акцыі казалі эканамісты розных міжнародных арганізацый. Але ўлады не хацелі прыслохоўвацца да настойлівых патрабаванняў экспертаў. Аляксандр Лукашэнка абараняў “залатую акцыю” разам з уласнасцю:

“Уласнасць – гэта самае цэннае. У нас жа часам яна даставалася людзям за дарма. Апроч таго, новыя ўладальнікі часта не выплачваюць заробак, выкідваюць на вуліцу людзей. Да таго ж прыватызаваныя прадпрыемствы сталі працаваць горш, чым яны працавалі падчас дзяржаўнай формы ўласнасці”.

І сапраўды за 11 год існавання “залатой акцыі” ў Беларусі, у большасці выпадкаў яна выкарыстоўвалася дзяржавай як сродак ціску на кіраўніцтва прадпрыемства.

Напрыклад, на фабрыцы “Камунарка” “залатую акцыю” нібыта ўвялі, але так ні разу і не скарысталіся. Першапачаткова яе ўвялі ў 2000 годзе, каб прызначыць патрэбнага кіраўніка.

Падобнае адбылося і на “Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага абсталявання”. У красавіку 1998 года там увялі “залатую акцыю”. Па меркаванні некаторых экспертаў, зрабілі гэта дзеля таго, каб “абразуміць калектыў і прыбраць дырэктара Мікалая Бусела, які будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету РБ прагаласаваў за імпічмэнт Лукашэнкі”, піша інтэрнэт-рэсурс “Электронны Барысаў”:

“Аднак прыбраць дырэктара “залатая акцыя” усё ж не змагла – паўплывала некампетэнтнасць распрацоўшчыкаў дакумента, які даваў права вета прадстаўніку дзяржавы пры прызначэнні кіраўніка, а ў “БАТЭ” дырэктар выбіраўся сабраннем акцыянераў. Тым не менш, у сакавіку 2001 года Мікалай Бусел сам напісаў заяву аб сыходзе з пасады дырэктара пасля татальнай пракурорскай праверкі”.

Шмат якія незалежныя СМІ паспяшаліся напісаць і пра тое, што адмяніць “залатую акцыю” было варта даўно, бо яна не выконвала аніякай ролі акрамя як “пудзіла” для інвестараў. Пра гэта, напрыклад, заявіў БелаПАН эканаміст Сяргей Балыкін:

“Натуральна, што знешне “залатая акцыя”, якую меркавалася выкарыстоўваць дзяржавай для кіравання суб’ектамі гаспадарання, выглядала “пудзілам” для інвестараў”.

Такім чынам, узнікае натуральнае пытанне – а ці варта было ўвогуле ўводзіць асобае права ўдзелу дзяржавы ў кіраўніцтве прадпрыемствамі? На гэта пытанне незалежных СМІ паспяшалася адказаць “Советская Белоруссия”:

“У свой час “залатая акцыя” дапамагла вырашыць шэраг праблемаў. У якасці прыклада можна прывесці яе ўжыванне на “Камунарцы”, якое дазволіла папярэдзіць тайную скупку акцыяў. ААТ “Алеся”, практычна даведзенае да банкруцтва. ААТ “Мотавела”, якое таксама стаяла на мяжы краху.”

Аднак, насамрэч на фабрыцы “Алеся” акцыю так і не ўводзілі. На “Камунарцы”, як адзначалася вышэй, яна таксама праіснавала намінальна, на “ўсялякі выпадак”.... Падобна на тое, што “залатая акцыя” і сапраўды “не несла ў сабе аніякай нагрузкі”. Тым не менш для інвестараў яна выконвала ролю “пудзіла”. Адсюль вынікае, што “адмена «залатой акцыі» — крок прагрэсіўны, але недастатковы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі