Аднакурснікі: Кадэт, які выклаў фота з "Пагоняй", так і не з'явіўся на вучобу
Кадэтаў, якія апублікавалі фота ў саколках з гербам "Пагоня", не выключалі з Брэсцкай абласной кадэцкай вучэльні, запэўніваюць у Брэсцкім аблвыканкаме.
"Наколькі мы ведаем, ніхто не выключаны, усе вучацца".
Але адзін з хлопцаў, які змясціў фотаздымак у папулярнай суполцы ў сацсетцы, на вучобу пакуль не з'явіўся. Па словах аднакурснікаў, яго бацькі забралі дакументы, а сам ён на бальнічным.
"Яго сёння няма, ён захварэў. Прыедзе ў сераду ці чацвер. Яго бацькі забралі дакументы. А ўсе астатнія з фотаздымка вучацца", — распавёў адзін з навучэнцаў.
Ён запэўніў, што хлопца, які выклаў фотаздымак не выключалі. Але яго старонка ў сацсетцы цяпер выдаленая, а імя змененае. Да астатніх ніякіх санкцый па яго словах, не прымянялі.
Як раней паведамляў дырэктар вучэльні Аляксандр Калько, навучэнцаў, якія зрабілі фота ў саколках з "Пагоняй", няма за што выключаць. Адзінае парушэнне — яны змяшалі кадэцкую форму з грамадзянскай.
Але нават гэта не парушэнне, мяркуе вайсковы эксперт Аляксандр Алесін:
"Гэта надумана ўсё. Яны выразілі свае патрыятычныя пачуцці. Ніякага парушэння тут няма, ніякіх параграфаў унутранага уставу ці распарадку яны не парушылі".
У дакументах, якія Еўрарадыё знаходзіць на сайце вучэльні, пра форму нічога не сказана. Няма ні слова пра форму і ў "клятве кадэта".
Цяпер дырэктар вучэльні Аляксандр Калько на пытанні журналістаў не адказвае і за ўсёй інфармацыяй раіць звяртацца да чыноўнікаў аблвыканкама.
Фотаздымак чатырох навучэнцаў Брэсцкай кадэцкай вучэльні ў саколках з "Пагоняй" з'явіўся ў інтэрнэце 16 кастрычніка. Гісторыя набыла вялікі розгалас, а карыстальнікі сацсетак пачалі акцыю салідарнасці: сталі публікаваць здымкі з гербам "Пагоня".
Фота: vk.com
Тым часам у сацыяльных сетках многія карыстальнікі публікуюць свае здымкі з "Пагоняй" з хэштэгам #ПагоняПобач, які ўчора выйшаў у топ беларускага Твітэра.