Адноўлены праект “Песняроў” “Вясёлыя жабракі” з'явіўся ў сеціве
У 1981 годзе запіс “жабракоў” не давялі да выдання. Праз 30 гадоў забыты праект можна паслухаць і спампаваць на сайце яго аўтара — кампазітара Ігара Паліводы.
9 сакавіка адкрыўся мемарыяльны сайт Ігара Паліводы (1950 — 1996). Да запуска сайта прымеркаваная прэм’ера — 15 трэкаў узноўленага праекта “Вясёлыя жабракі”, які Палівода напісаў для ВІА “Песняры”.
Ігар Палівода нарадзіўся ў 1950 годзе ў Башкірыі, у сям’і музыканта. У тым жа годзе сям’я пераехала ў Мінск. Тут музыка ў 1974 годзе скончыў кансерваторыю па класе фартэпіяна, а ўжо ў 1978 годзе Уладзімір Мулявін запрасіў яго ў “Песняры”.
У 1980-я Ігар Палівода раскрыўся як кампазітар. Ён шмат пісаў для фартэпіяна. А для “Песняроў” у 1981 годзе напісаў цыкл “Вясёлыя жабракі” на вершы шатландскага паэта Роберта Бёрнса. Нехарактэрную для “Песняроў” арт-рокавую праграму ансамбль запісаў на сваёй рэпетыцыйнай базе. Але далей за мастацкі савет фірмы “Мелодыя” запіс не пайшоў.
Ігар Палівода памёр у 1996 годзе. Праз 15 гадоў яго сябры і калегі задумалі ўзнавіць забыты праект “Вясёлыя жабракі”. Цягам года кампазіцыі запісваліся ў розных краінах, фінальнае звядзенне адбылося ў мінскай студыі Мікалая Няронскага. Усе ўдзельнікі запісу, уключна з экс-песнярамі, працавалі бясплатна.
9 сакавіка адноўленых “Вясёлых жабракоў” выклалі на мемарыяльным сайце Ігара Паліводы www.palivoda.net для свабоднага праслухоўвання. Там жа праект можна спампаваць.
Фота: viapesnyary.ru, pesnyary.com.