Адзначыць Новы год у мінскіх рэстаранах каштуе ад 100 да 230 долараў з чалавека

Столькі ж давядзецца заплаціць за загарадны катэдж. А вось месцы ў санаторыях ужо амаль усе выкупленыя. Еўрарадыё вырашыла даведацца, дзе і за колькі можна сустрэць Новы год.
Аказалася, што самы танны варыянт для Мінска — гэта сустракаць Новы год у якім-небудзь рэстаране ці кавярні. Кошты на замову ў навагоднюю ноч тут вагаюцца ад 100 да 200 долараў. Самы дарагі варыянт, які атрымалася знайсці, — гэта рэстаран "Bella Rosa". Нягледзячы на кошт 690 тысяч з чалавека, попыт на яго высокі і, паводле словаў адміністрацыі, праз тыдзень усё будзе замоўлена.

У гэтую суму ўваходзіць банкет, забавы і выступы артыстаў — кажуць, што вядомых. Але гэта будзе сюрпрыз для гасцей.

"Будзе пяць падач розных страў: ад халодных закусак і заканчваючы дэсертам на выбар. Плюс алкагольныя напоі, гарбата, кава, сок — таксама на выбар і без абмежавання. Забавы, розыгрышы прызоў, магчыма, будзе варажбітны пакой і дзіцячы пакой. Вядучы, дыджэй будзе, ну і, натуральна, Дзед Мароз і Снягурка — без гэтага ніводзін Новы год не абыходзіцца".

Сярэдняя цана на навагодні банкет у сталіцы — 100 долараў. Але можна знайсці варыянты і патанней. Напрыклад, у рэстаране "Печкі-лавачкі" сустрэць Новы год можна за 260 тысяч з чалавека. У гэтую суму ўваходзіць алкаголь, напоі, гарачыя стравы, закускі, салаты і забаўляльная праграма.

"Пачатак а 10-й гадзіне, аб 11-й сустракаем расійскі Новы год, потым а 12-й — беларускі. Праграма будзе да дзвюх гадзінаў ночы, а далей — дыскатэка. Яна таксама будзе падзелена на некалькі частак: гавайскі Новы год, рускі Новы год, усходні Новы год. Будуць іграць на афрыканскіх барабанах, саксафоне, балалайцы".

А вось адзначыць свята ў абласным горадзе будзе ў 2 разы танней. У магілёўскім рэстаране "Метро" гэта вам абыдзецца ў 150 тысяч за ўсю ноч. У праграму, як заўсёды, уваходзіць Дзед Мароз і стрыптыз — відаць, у выкананні Снягуркі.

"У гэты кошт уваходзіць цалкам навагоднія вячэра з алкаголем і танцавальна-забаўляльная праграма з удзелам розных артыстаў. Гэта будзе і стрыптыз, і жывы голас", — распавялі нам у адміністрацыі рэстарана "Метро".

Для аматараў загараднага адпачынку ёсць варыянт зняць аграсядзібу ці катэдж. Кошты там вагаюцца ад 100 да 200 долараў з чалавека, але трэба збіраць вялікую кампанію, бо маёнткі здаюць толькі цалкам на 15-30 чалавек. Праўда, ужо сёння знайсці свабодную сядзібу на навагоднюю ноч амаль немагчыма.

Нягледзячы на тое, што людзей палохаюць высокія цэны, ажыятаж высокі. У сядзібу "Новае поле" кожны дзень паступае па 20 тэлефанаванняў, але пакуль людзі думаюць. Навагоднюю ноч і наступны дзень там можна правесці за 3000 долараў на 30 чалавек. У гэтую суму ўваходзіць пражыванне, арэнда, сауна, шашлык і рыбная поліўка. А вось алкаголь ды іншыя закускі давядзецца браць з сабой.

У сядзібе "Аляксандра" можна адпачыць за 2000 долараў без харчавання і 2500 з кампаніі ад 10 да 20 чалавек — з харчаваннем: фаршаваная гусь, трус з гароднінай, беларускія дранікі і іншае.

Але шмат сядзібаў ужо забраніраваныя.

"Мы планавалі спецыяльную праграму на Новы год, але людзі, якія знялі наш катэдж, вырашылі самі арганізаваць сабе святкаванні", — распавялі Еўрарадыё у сядзібе "Тарасава".

Амаль немагчыма ўжо купіць месца і ў санаторыі. На Новы год там выкупілі ўсе пуцёўкі расіяне, для якіх гэты кошт прымальны. А вось для беларусаў такое святкаванне — дарагавата, распавялі ў санаторыі "Юнацтва".

"Напэўна, больш расіян, бо вельмі высокія кошты, і нашым беларусам не зусім зручна сюды ехаць. Аднамесны нумар для расіян каштуе 26 тысяч расійскіх рублёў на 12 дзён (830 долараў)".

У гэты кошт будзе ўваходзіць харчаванне, лекаванне і пражыванне, а таксама навагодні банкет.

"У нас ёсць музычная праграма, забавы, ёлка, вячэра, святочны банкет, цыганы прыязджаюць, і яшчэ нейкія забавы будуць".

На сёння набыць месцы ў санаторыі можна толькі праз турфірму, якая выкупіла іх загадзя. Але з-за гэтага давядзецца пераплаціць.

Таксама Новы год можна сустрэць у боўлінгу, клубе, казіно і нават СПА-салоне.

А вось кошты на пераднавагоднія банкеты ніжэй у два ці нават тры разы. Зладзіць такое святкаванне ў мінскай кавярні або рэстаране можна ад 70 тысяч рублёў з чалавека.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі