Акцыі на 1 траўня: у Мінску адмовіліся, у Гомелі правядуць дазволены мітынг
Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасць вырашылі адмовіцца ад першатравеньскай дэманстрацыі ў Мінску, санкццыі на якую не далі ўлады. Напярэдадні старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук заявіў, што яго арганізацыя адклікала заяўку на правядзенне акцыі, бо сталічныя ўлады не дазволілі зладзіць шэсце.
Першапачаткова меркавалася, што ўдзельнікі збяруцца ля Акадэміі навук і пройдуць калонай да плошчы Бангалор, дзе правядуць мітынг у парку Дружбы народаў. Аднак Мінгарвыканкам дазволіў толькі мітынг.
Некалькі дзён таму старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандр Бухвостаў заявіў, што “падстаўляць людзей пад дубінкі” — не зусім правільна.
Раней старшыня Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч заклікаў людзей на Кастрычніцкую плошчу, але 28 красавіка ён быў затрыманы і асуджаны на 5 сутак арышту, таму невядома, ці падтрымае нехта ідэю такой акцыі.
Тым часам у Гомелі ўлады дазволілі мітынг на пляцоўцы ля ДК Таварыства глухіх “Віпра”.
Напярэдадні быў затрыманы мясцовы журналіст-фрылансер Яўген Меркіс, які меў рабіць уключэнне з гэтай акцыі.