Акцёра Купалаўскага тэатра асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Акцёра Купалаўскага тэатра Арцёма Бародзіча асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Такое рашэнне ў сераду 2 сакавіка вынес суддзя Аляксандр Рудэнка ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Пракурор патрабаваў для Бародзіча 6 гадоў зняволення.
Артыста прызналі вінаватым у захоўванні марыхуаны з мэтай распаўсюджвання (частка 2 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Сам Бародзіч падчас судовага працэсу прызнаўся, што ўжывае марыхуану апошнія шэсць гадоў. Па яго словах, наркотыкі ён захоўваў для сябе і не збіраўся распаўсюджваць.
Адвакат акцёра лічыць, што мэта распаўсюджвання не даказаная. Таксама адвакат мяркуе, што праваахоўнікі некарэктна праводзілі вобшук, не пыталі дазволу на агляд памяшкання, хадзілі па пакоях кватэры, калі там нікога не было — ні самога Бародзіча, ні панятых.
Калегі Бародзіча з Купалаўскага тэатра масава прыходзілі на суд, каб падтрымаць яго. Усе яны прыйшлі і на вынясенне прысуду.
Арцёму Бародзічу 34 гады, у тэатры імя Янкі Купалы працуе з 2009 года. Задзейнічаны ў спектаклях “Пінская шляхта”, “Паўлінка”, “Людзі на балоце” і іншых. Актыўна здымаецца ў кіно. Некалькі гадоў таму ён ужо быў асуджаны за ўжыванне марыхуаны на адзін год умоўна.
Як праходзіў суд над Арцёмам Бародзічам і яго апошняе слова, чытайце ў нашых рэпартажах:
Акцёр Купалаўскага на судзе: Прашу паверыць мне і даць шанец (тэкст выступу)
“Набываў па 50 грамаў, плаціў 750 долараў”. Пачаўся суд над акцёрам Купалаўскага