Акцыя салідарнасці ў Варшаве

У гістарычным цэнтры Варшавы, на Замкавай плошчы паўстаў намёт, на якім цягам дня адбывалася выстава.

У польскай сталіцы ў чарговы раз адзначылі 16-ае — Дзень салідарнасці з Беларуссю. У гістарычным цэнтры Варшавы, на Замкавай плошчы паўстаў намёт, на якім цягам дня адбывалася выстава.


На здымках — вулічныя акцыі беларускай апазіцыі, пачынаючы з 96-га году; шэраг уражвальных кадраў — да прыкладу, як АМАП ды іншыя прадстаўнікі спецслужбаў збіваюць моладзь, жанчын, журналістаў.

Вось якую рэакцыю выклікалі гэтыя кадры у мінакоў:

(мінак): "Мне вельмі прыкра, што нешта падобнае адбываецца! Я ня ведаю, што я магу для вас зрабіць, але б ахвоча распаўсюджваў інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі.


Я вельмі жадаю для вас нешта зрабіць, але не ведаю як. Трымайцеся і будзьце моцнымі!"


Падчас выставы распаўсюджваліся інфармацыйныя матэрыялы, грала беларуская музыка, забароненая на радзіме.

З музыкай, дарэчы, быў пэўны клопат. Працэдура атрымання дазволу на такое мерапрыемства цягнецца месяц.


Варшаўскія ж чыноўнікі, зрабілі немагчымае і далі дазвол на выставу цягам двух дзён.


Але паліцыя такой прыхільнасці не выявіла: з арганізатараў запатрабавалі дазвол на музыку, выдача якога не прадугледжаная ні ў якой урадавай інстытуцыі.


Пасля таго як арганізатары патлумачылі гэта паліцыянтам, тыя запатрабавалі дакумент з пацвярджэннем, што дазвол мець не трэба.


Урэшце сэрца вартаўніка парадку растаяла, і акцыі ўжо нішто не замінала.

Акцыі салідарнасці ў польскай сталіцы працягваюцца ўжо больш за год.

Як доўга яшчэ жыхары Варшавы будуць бачыць 16-ага дня кожнага месяца бел-чырвона-белыя сцягі, канцэрты, выставы ды іншае?

Адказвае арганізатар акцыі, старшыня “Зьвязу у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” Антось Цялежнікаў:

(А.Цялежнікаў): "Мяркую, што гэткія акцыя патрэбны да таго часу, пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца.

Пакуль будуць палітычныя вязні, пакуль рэжым Лукашэнкі будзе пераследаваць сваіх апанентаў, пакуль не высветліцца лёс загінулых дзеячоў"
.

Ці сапраўды дапамагаюць такія акцыі, так далёка ад Беларусі?

(А.Цялежнікаў): "Перадусім яны нясуць інфармацыйную функцыю для грамадзян краіны, у якой праводзяцца акцыі ў падтрымку Беларусі.


Трэба, каб нашыя суседзі добра разумелі нашую сітуацыю.

Апрача таго, такія мерыпремствы патрэбныя, каб гуртаваць мясцовых беларусаў, каб яны адчувалі сябе патрэбнай часткай беларускай нацыі"
.

Калі насталі прыцемкі, на сцяне вежы на Замкавым пляцы праз праектар паказалі апошні фільм Юрыя Хашчавацкага "Плошча" з польскімі субтытрамі.


На паказ сабралося нямала гледачоў.

З Варшавы Янка Багушэвіч. Еўрапейскае радыё для Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі