Актрыса Купалаўскага: Пішыце, усё роўна атрымаю трынды: заробак у мяне – тры мільёны

Актрыса Купалаўскага: Пішыце, усё роўна атрымаю трынды: заробак у мяне – тры мільёны

Звычайна Еўрарадыё піша пра заробкі настаўнікаў, дактароў, работнікаў сельскай гаспадаркі ды выхавацелек. Але якія грошы атрымліваюць акцёры?

Вось актрыса “Купалаўскага тэатра”, таго, які на днях адзначыў 95-годдзе, Ганна Хітрык. Ганна і яе муж Сяргей Рудзеня працуюць ў Купалаўскім. Заробак агучвае прама:

“У нас усё добра з заробкамі, нават не хочацца ісці на свае астатнія пяць прац. Але пішыце, усё роўна трынды атрымаю за ваш матэрыял: 2,8-3 мільёны ў нас заробак. Вядома, калі будзеш сядзець у тэатры бязвылазна, заробак будзе большым”, — размову пра заробак Ганна ўспрымае з іроніяй.

Яна кажа, што размеркаванне сямейнага бюджэту вельмі простае:

“Калі ёсць кватэра, усё прасцей, пайшоў у “Еўраопт”, заказаў усё, камуналку там аплаціў. А у нас жыллё арэнднае, таму заробак аднаго з нас ідзе на аплату жылля і садок. А на заробак другога мы жывем”.

Актрыса Купалаўскага: Пішыце, усё роўна атрымаю трынды: заробак у мяне – тры мільёны

Актрыса распавядае, што жыць было б складана, калі б не падпрацоўкі: “Мы дарослыя людзі і разумеем, што трэба варушыцца” і дапамогі бацькоў мужа:

“Сярожыны бацькі пастаўляюць нам бульбу, моркву. Яны жывуць у Салігорску і працуюць у восем рук. Без іх падтрымкі было б складана”

Не можа пахваліцца высокім заробкам рок-князёўна і актрыса тэатра імя Горкага Анастасія Шпакоўская. Лідарка гурта Naka кажа, што заробак у беларускіх акцёраў, нават у топавых, не такі і вялікі, як гэта заведзена лічыць.

Актрыса Купалаўскага: Пішыце, усё роўна атрымаю трынды: заробак у мяне – тры мільёны

"Сезон пачаўся 18 жніўня, у мяне вышэйшая катэгорыя і многа галоўных ролей. Заробак я атрымала… 2,5 мільёна. Калі б не муж, я б, напэўна, з голаду памерла", — смяецца жанчына.

"Праца ў тэатры ніколі не была высокааплатнай. Акцёры маскоўскіх тэатраў таксама не могуць пахваліцца высокімі заробкамі, але ж там яны не такія маленькія! Цяпер усе атрымліваюць не многа, нягледзячы на выбары і абяцаныя нейкія прывілеі. Калі ты не міліцыянер ці спартсмен", — пра апошняе павышэнне заробку Анастасія не памятае.

 

Актрыса Купалаўскага: Пішыце, усё роўна атрымаю трынды: заробак у мяне – тры мільёны
Заробак з красавіка ў Анастасіі Шпакоўскай не надта вырас

Пра заробкі ў 4 мільёны кажуць Еўрарадыё і ў Гродзенскім тэатры лялек. Дырэктар тэатра Марыя Шабашова кажа, што зарабляюць самі.

"З даплатамі, якія мы самі зарабляем, заробак складае 4 мільёны. Аклад, які нам дзяржава дае, складае не больш за 2,2 мільёна рублёў. Але мы ж не можам сядзець і чакаць, калі нам нешта дасць дзяржава. Ёсць месяцы, калі атрымліваем пяць, а ёсць, калі і тры", — кажа дырэктарка.

Але многія тэатры, куды звярнулася Еўрарадыё, хаваюць, колькі атрымліваюць акцёры — не называюць нават сярэднюю суму. Па дадзеных Белстата, заробак дзеячаў культуры за ліпень роўны 5,3 мільёна рублёў.

Фота: sputnik.com, tuzin.fm, а таксама з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі