Актывіст БНФ пазбавіўся працы з-за палітычнай дзейнасці

Старшыня Рады Мінскай абласной арганізацыі БНФ Зміцер Шэвель з Лагойску быў звольнены з замежнага прадпрыемства ТАА “Мінаўта”.

За 13 гадоў актывіст паспеў папрацаваць тут наладчыкам станкоў з праграмным кіраваннем, кантрольным майстрам, начальнікам вытворча-дыспетчарскага бюро, менеджарам па персанале і сістэмным адміністратарам. А цяпер ён аказаўся непатрэбным. Расказвае дэмакратычны актывіст:

“У прынцыпе, нічога сабе не патрабаваў, усё, што прасіла адміністрацыя, рабіў. Для мяне дзіўна, што ад мяне пазбавіліся. Лічу сябе не апошнім спецыялістам, такія людзі ў прынцыпе патрэбныя. Тым больш у мясцовай газеце публікуюцца аб’явы, што прымаюць на працу людзей. Таму сітуацыя тут, я разумею, не проста так узнікла”.

Зараз Зміцер Шэвель раіцца з юрыстамі, ці ёсць сэнс куды скардзіцца наконт непрацягнення кантракта. Але тыя пакуль разводзяць рукамі: маўляў, такое заканадаўства, што нешта абскардзіць складана. Працягвае Зміцер Шэвель:

“Усе суды заўсёды на баку кіраўніцтва прадпрыемстваў. Гэта проста спосаб распраўляцца з актывістамі, і немцы вось скарысталіся нашым заканадаўствам, каб зачысціць прадпрыемства ад актыўных людзей. Магу дадаць, што яшчэ аднаго чалавека звольнілі — таго, хто падпісаўся пад маёй заявай аб пераводзе на іншую пасаду, начальнік цэха. І яшчэ вядзецца ціск на некалькіх людзей”.

Але дзіўна тое, што кіруюць прадпрыемствам немцы — здавалася б, прадстаўнікі адной з самых дэмакратычных краінаў свету. Але новапрызначаны кіраўнік вырашыў наладжваць адносіны з мясцовымі ўладамі, а не трымаць у сябе супрацоўніка, з-за якога з боку гэтых самых уладаў могуць узнікнуць пытанні.

Увогуле ж у кіраўніцтва не было ніякіх нагодаў прычапіцца, лічыць Зміцер, бо папярэджанняў ён не меў. Дый ніяк не правакаваў кіраўнікоў сваёй актыўнасцю.

Зміцер Шэвель: “Я ўсё ж такі чалавек разумны, крыху падзяляў палітычную дзейнасць і працу. На працы сабе не дазваляў ствараць суполку Фронта ці збіраць нейкія подпісы. Усё гэта рабілася па-за працай. Праца — адно, палітычная дзейнасць — другое. Я разумею, што не трэба падстаўляць ні людзей, ні кіраўніцтва пад кулі рэжыму”.

Нагадаем, сёлета Зміцер Шэвель прымае ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Але праблемы, якія ўзніклі на яго цяпер ужо былым месцы працы, наўпрост з выбарамі актывіст не звязвае.

Рубрыка "Самаабарона" спецыяльна для праграмы "Кардыяграма"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі