Актывіста АГП вінавацяць у знявазе кіраўніка Беларусі

Актывіста АГП вінавацяць у знявазе кіраўніка Беларусі

Супраць актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніса Рабянка патрабуюць распачаць крымінальную справу па абвінавачванні ў знявазе кіраўніка Беларусі. Адпаведную заяву ў Генпракуратуру даслаў жыхар пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Вячаслаў Сафронаў. Раніцай 5 студзеня да Дзяніса Рабянка прыходзіў участковы міліцыянер, браў тлумачэнні: ці сапраўды той мае старонку “УКантакце”. Вось толькі і адрас старонкі, і цытаты, у якіх Сафронаў убачыў абразу кіраўніка Беларусі, альбо недакладныя, альбо не існуючыя, сцвярджае Дзяніс Рабянок у размове з карэспандэнтам Еўрарадыё.

Рабянок: “З таго, што я прачытаў у заяве, толькі адзін пост сапраўдны: яго я напісаў пасля таго, як у мяне бралі каментар з нагоды “справы “Рэгнума”. Я потым пісаў, што калі не прыцягнуць да адказнасці гэтых беларусафобаў, то гэта будзе азначаць, што наша сістэма ляжыць пад Крамлём. Пара гэтых сказаў ― сапраўды мае. Але я іх посціў у фэйсбуку, а не “УКантакце”, як сцвярджаецца ў заяве”.

Па словах Дзяніса, ён не толькі не ведае асабіста Вячаслава Сафронава, які напісаў на яго заяву, але нават ніколі з ім не перапісваўся ў сацсетках, не мае яго “у сябрах”. Тым не менш, кажа, пасля візіту ўчастковага, праглядзеў допісы гэтага Сафронава ў сацсетках і зразумеў, што такім чынам той хоча адпомсціць актывісту АГП за тое, што той пісаў заяву ў пракуратуру на публіцыстаў “Рэгнума”. Рабянок кажа, што ўчастковы, што прыходзіў да яго па тлумачэнні, сказаў: па заяве Сафронава яны будуць праводзіць праверку і калі факт абразы кіраўніка Беларусі пацвердзіцца, то супраць яго сапраўды могуць распачаць крымінальную справу.

Нагадаем, у лістападзе 2016 года Дзяніс Рабянок звярнуўся ў пракуратуру з нагоды публікацый на “Рэгнуме” аўтара Алы Бронь. У артыкулах ён убачыў прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці. Вячаслаў Сафронаў ― былы начальнік аддзела камп’ютарных сетак і тэхналогій Упраўлення кіравання пры прэзідэнце Беларусі, у 2013 годзе адміністратар форумаў TUT.BY падавала заяву ў міліцыю на Сафронава “за знявагі па нацыянальнай прыкмеце”. Тады ён пазбег пакарання ― міліцыя адмовілася распачынаць справу супраць яго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі