Актывіста незалежнага прафсаюза звальняюць з прадпрыемства “Граніт”
З экскаватаршчыкам Леанідам Дубаносавым на мікашэвіцкім заводзе не працягнуты кантракт.
Прычым сам работнік даведаўся пра гэта, калі выйшаў 21 траўня з адпачынку, інфармуе праваабарончы сайт "Вясна". Работніка не дапусцілі да працы. Начальнік варты заявіў Дубаносаву, што яшчэ 16 траўня з ім не быў працягнуты працоўны кантракт. Пры гэтым ніякіх дакументаў у пацвярджэнне гэтых словаў Буневіч не прадставіў.
Дарэчы, Дубаносаў да апошняга часу заставаўся адзіным з ініцыятараў стварэння суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на РУПП “Граніт” у Мікашэвічах, які дагэтуль працаваў на самім прадпрыемстве. Усе іншыя актывісты гэтага прафсаюзу ўжо звольненыя і не змаглі аднавіцца на працы праз суд.