Актывісты патрабуюць "вярнуць святло" на вуліцы начнога Брэста
Як паведамляла Еўрарадыё, у Брэсце з мэтай эканоміі на ноч цалкам адключаюць вулічнае асвятленне. Ад 17 лістапада ў горадзе па начах цалкам не працуюць ліхтары як на цэнтральных вуліцах, так і ў дварах. Працуе выключна "падсветка" камерцыйных аб'ектаў.
На прадпрыемстве "Брэстгарсвятло" журналісту Еўрарадыё паведамілі, што святло будзе адключацца штодзенна з 24-й гадзіны да 5-й ранку. Такое рашэнне прыняў Брэсцкі гарвыканкам "з мэтай аптымізацыі расходу энэргетычных рэсурсаў і эканоміі бюджэтных сродкаў". Колькі працягнецца адключэнне вулічнага асвятлення, на прадпрыемстве не ведаюць — рашэнне бестэрміновае.
Пратэст супраць гэтага выказала брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Па словах абласнога лідара партыі Ігара Маслоўскага, дзеянні ўладаў ствараюць відавочную пагрозу жыццю і здароўю людзей.
Маслоўскі: "Як паказвае сусветная практыка, як толькі адключаецца асвятленне ў начны час, то адразу павялічваецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, адразу павялічваецца рост злачынстваў і крымінальнасці. А тут мы назіраем адключэнне асвятлення на тэрыторыі ўсяго горада!"
Сацыял-дэмакраты накіравалі зварот ва УУС Брэсцкай вобласці і ў гарадскую пракуратуру. Актывісты просяць праваахоўнікаў даць прававую ацэнку рашэнню Брэсцкага гарвыканкама на прадмет парушэння правоў жыхароў і гасцей горада на асабістую бяспеку. Таксама яны прапаноўваюць вынесці прадпісанне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Петыцыя з аналагічным патрабаваннем з'явілася і на сайце change.org.
Фота: virtualbrest.by