Акупаваны Крым, Вялікдзень і прадчуванне смерці. Топ-7 беларускіх дакументалак
Настаў час дакументальнага кіно
Дакументальнае кіно — пакуль што адзіны напрамак, якім беларускі кінематограф можа шчыра ганарыцца. Яго стваральнікі не аднойчы скаралі ўплывовыя еўрапейскія, постсавецкія і амерыканскія фестывалі і прэміі, расказваючы часам не самыя прыемныя гісторыі пра Беларусь і яе жыхароў. Частку з гэтых стужак сёння можна паглядзець у анлайн-кінатэатры Vodblisk, які дае бясплатны доступ гледачам з Беларусі.
Сёння мы раскажам пра 7 найбольш цікавых беларускіх дакументальных фільмаў.
“Мая бабуля з Марса”, рэжысёр Аляксандр Міхалковіч (2018 год)
Дэбютны поўнаметражны фільм Аляксандра Міхалковіча звязаны з геапалітычнай сітуацыяй і яго персанальнай сямейнай гісторыяй. У цэнтры фільма — бабуля Зіна, украінка па пахожданні.
Пасля выхаду на пенсію яна пераехала ў Крым, які неўзабаве аказаўся акупаваным Расіяй і ператварыўся ў “далёкую планету”, накшталт Марса, а яго “асяроддзе” стала непрыязным у стасунку да бабулі. Разлучаная са сваёй сям'ёй, яна жыве ў богам забытым прыморскім мястэчку, спрабуючы вырашыць, застацца ёй ці з'ехаць.
Нягледзячы на сур'ёзнасць тэмы, фільм напоўнены цяплом і пяшчотай. Рэжысёр паказвае далікатны і жартаўлівы партрэт сваёй бабулі, якая пражывае складаныя часы.
“Межы”, рэжысёрка Юля Шатун (2019 год)
Рэжысёрку Юлю Шатун шмат хто адкрыў у 2017 годзе, калі ў фільме “Заўтра” яна расказала пра жыццё сваіх бацькоў у Мазыры. А ў 2019-м у яе выйшла стужка “Межы” — аўтарскае, вельмі арыгінальнае па форме паэтычнае кінаэсэ пра пошукі сваёй і чужой, асабістай і мастацкай ідэнтычнасці ў зменлівым свеце.
Ідэя фільма нарадзілася ў цягніку, там жа пачынаецца і кінагісторыя. Гэта фільм-падарожжа па чатырох гарадах, а таксама па сучаснасці і мінулым, бо выкарыстоўваюцца кадры, знятыя рэжысёркай цяпер і яе бацькам 25 гадоў таму. Яны зліваюцца ў адно галасавое паведамленне невядомаму чалавеку і так ці інакш прыводзяць нас да бачных і нябачных межаў: у геаграфіі, гісторыі ці кінематаграфіі.
“Саламанка”, рэжысёры Руслан Фядотаў і Саша Кулак (2015 год)
40-хвілінны фільм небывалай прыгажосці апісвае побыт мексіканскага горада, дзе час нібы замёр 200 гадоў таму — з надыходам менанітаў, прыхільнікаў аднаго з самых строгіх напрамкаў пратэстантызму, чый лад жыцця не змяняецца стагоддзямі.
Дакументальная стужка шмат у чым падобная да гульнявога кіно з паэтычнай кінамовай. Адзінае, што не з'яўляецца дакументальным у “Саламанцы” — гісторыя героя, якая гучыць за кадрам, якая расказваецца ад першай асобы.
Чорна-белы фільм не ставіць перад сабой мэту расказаць пра абшчыну з пункту гледжання этнаграфіі. Гэта хутчэй даследаванне матываў людзей, якія выбіраюць адмаўляцца ад магчымасцяў свету дзеля жыцця пасля смерці. Адны падтрымліваюць парадак, іншыя падпарадкоўваюцца.
“Сума”, рэжысёр Андрэй Куціла (2018 год)
У “Суме” тры галоўныя героі: маладая беларуская мастачка з Мінска, вядомы польскі жывапісец і прырода. Са сваіх 13 гадоў Маша пачала весці перапіску з Анджэем Струмілам. Ён жыве адзін у глухой вёсцы побач з мяжой, дзе, акрамя мастацтва, займаецца развядзеннем арабскіх коней.
Яны абменьваліся папяровымі лістамі, а час ад часу яна наведвала яго — так паміж імі завязалася кранальнае сяброўства, якое (на момант здымак фільма) працягвалася ўжо 15 гадоў.
У фільме паказана тое, што адбываецца падчас аднаго з візітаў Марыі да Анджэя.
“Чыстае мастацтва”, рэжысёр Максім Швед (2019 год)
Дакументальная стужка, якая апроч мастацкага феномена ЖЭС-арту — каляровых плям на фасадах дамоў — закансервавала ў сабе час да 2020 года, з яго караючай цэнзурай, негалоснымі правіламі жыцця ў Беларусі і імкненнем да свабоды.
“Чыстае мастацтва” — гэта партрэт Мінска ўзору канца 2010-х гадоў. Рэдкая перспектыва, якая паказвае праз прызму сучаснага мастацтва і жыцця мастака Захара Кудзіна, як дзяржава абмяжоўвае праявы свабоды. А пачынае з таго, што людзі бачаць вакол сябе на вуліцах горада.
Гэта фільм пра прагу да свабоды ў несвабоднай краіне. Як іранічна заўважае адзін з выпадковых герояў стужкі: “У нас любыя праявы свабоды павінны быць узгодненыя”.
“Шлях дадому”, рэжысёр Арцём Лобач (2020 год)
Гэта дакументальная рэфлексіўная гісторыя Паўла, які імкнецца знайсці сваё месца ў жыцці пасля ад’езду з анексаванага Крыма.
Што гэта значыць — быць вымушаным з’ехаць з уласнага дому? Ці магчыма знайсці дом унутры сябе, або геапалітычныя канфлікты мацнейшыя за сілу чалавечай свядомасці і змяняюць жыццё незваротна, і кантраляваць гэтыя змены аднаму чалавеку не па сілах?
Павольныя кадры, доўгія планы, амаль медытатыўны стыль здымкаў — «Шлях дадому» можа аказаць тэрапеўтычнае дзеянне на тых, каму давялося зноўку будаваць жыццё ў новым месцы, і дапамагчы зразумець гэтае пачуццё тым, у каго такога досведу няма.
“Вялікдзень Хрыстовы”, рэжысёр Дар’я Юркевіч (2015 год)
У фільме "Вялікдзень Хрыстовы" паказанае рэлігійнае свята, калі царква нязменна прымае бесперапынны паток вернікаў, большасць з якіх прыходзяць сюды толькі раз за год — менавіта ў гэты дзень.
Выкананы пераважна ў чорна-белых тонах і пазбаўлены дыялогаў, фільм дазваляе гледачам стаць сведкамі сакральнага рытуалу, падчас якога святар традыцыйна асвячае ежу.
Пакуль вернікі раскладаюць прынесеныя з сабой прадукты на фоне недабудаванага жылога комплексу і вядуць размовы пра паўсядзённыя справы, глядач паступова пачынае разумець, хто гэтыя людзі і што ў іх у галаве. І тое, што беларусы не дужа задаволеныя парадкамі ў краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.