Akute - Dzievaсki i Kosmas

Некалі адчайная альтэрнатыўная каманда "Глюкі" з горада Магілёва перарадзілася ва ўтульнае трыа Akute і занялася фэнтэзійным рокам. Вынікам гэтай працы стала дэбютная пласцінка гурта "Dzievaсki i Kosmas".

Прайшоўшы праз колы расчаравання і дэпрэсію пасля распаду "Глюкаў", Стас Мытнік (вакал, гітара) і Раман Жыгараў(бас-гітара) акумулявалі сілы, скіравалі позірк да неба, а пасля накіравалі яго яшчэ далей - у космас і замахнуліся разгадаць таямніцы планет – "Dzievaсki i Kosmas" услаўляюць рамантыку халодных зор і далёкіх касмічных прастораў.

Праца над дыскам заняла ў каманды некалькі месяцаў. Студыйная сесія ўклалася ў рэкордна кароткія тэрміны –  альбом "Dzievaсki i Kosmas" быў запісаны восенню 2010 года на магілёўскай студыі "Арзамас 16" за 5 дзён. У выніку, на пласцінцы з'явіліся 11 касмічных рок-гімнаў, у тым ліку, абноўленая версія ўжо вядомага трэка "Адзіноцтва" і свежы хіт "Прамяні ч.2".

Альбом адкрываецца яркай настроевай "Адшукай" і заканчваецца 12-ці хвілінным бясспрэчным хітом "Адзіноцтва".

Аб'ёмныя атмасферныя песні, працятыя рытмамі, якім музыкі надалі асаблівую ўвагу, і рэзкімі гітарнымі сола, да краёў напоўненыя адасоблена-засяроджаным настроем.

Нездарма тэкставы складнік альбома заснаваны на кнігах Азімава, Брэдберы, Стругацкіх і іншых фантастаў XX стагоддзя. Ёсць у іх неразменны містычны і касмічны складнік. Калі гэта містыка апладняе правільныя песні кшталту "Адшукай" ці "Непазбежна", адбываецца вось такі цуд.

А ёсць і даволі захапляючыя рэчы – напрыклад, "Цішыня" і "Прамяні ч.2" ад якіх займае дыханне самым сур'ёзным чынам.

Пласцінка трымае ў непадробнай цікавасці ад першай і да апошняй ноты, а яе праслухоўванне – свайго роду прыгода для вашай фантазіі. Аматары будыйскіх настрояў і сувязі з космасам таксама знойдуць, чым "пазаганяцца" – напрыклад, у "Шчасці" складаецца адчуванне, што праз гэтую нетаропкую тонкую музыку Akute вырашаюць свае кармічныя задачы і абавязкова "заразяць" вас тымі ж настроямі. Электрычны шаманізм кампазіцыі дакладна выходзіць за межы проста практыкавання ў вытанчанай аранжыроўцы.

Дыск нездарма прысвечаны космасу і саўндтрэкі "Dzievaсki i Kosmas" гэтаму адпавядаюць: з аднаго боку, у наяўнасці бадзёрасць, і цвёрдая рокерская хватка (як ва ўласцівым гурту гімне "Павольна"), з іншага – рамантычны сплін, ілюзіі і жаданне таго, што за межамі, ў кампазіцыі "Агонь". Гэткае займальнае падарожжа па ўласнай свядомасці, дзе ўсё далёка і ілюзорна.

І, нарэшце, паэтычнае сэрца пласцінкі – хіт "Адзіноцтва". Такі фінал як найлепей настройвае слухача на чаканне наступнага альбома гурта і, будзьце гатовыя, - беззваротна катапультуе вас у стратасферу. Музыка Космасу, самі разумееце.

Пласцінка абрыне ў шуканы экзістэнцыяльны экстаз усіх тых, хто сапраўды чакаў. Вось як бывае, калі альбом – гэта не проста надзея на поспех, а вынік доўгай і карпатлівай працы таленавітых музыкаў. Цярпенне і праца, як вядома, усё перамагаюць.

Добра, каб усё, што робяць гэтыя хлопцы, і далей было пад знакам якасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі