Алег Хаменка збірае рокераў у "Крыжовы паход" на "Еўрабачанне"

Аргкамітэт “Еўрафэсту” – беларускага адбору на “Еўрабачанне” – пачаў прымаць заяўкі ад выканаўцаў. Пакуль патэнцыйныя ўдзельнікі і аўтары песень прыглядаюцца і асаджаюць арганізатараў конкурсу пытаннямі: што ды як? Паводле словаў выканаўчага прадзюсэра “Еўрафэсту” Анастасіі Ціхановіч, сёлета беларускім адборам шмат цікавяцца з-за мяжы. Анастасія Ціхановіч: “Шмат тэлефануюць замежнікі, якія ўжо пісалі песні для “Еўрабачання”. Гэта аўтары з Мальты, з Брытаніі, з Грэцыі. І вось днямі звярнуўся аўтар, які ў пазамінулым годзе пісаў песню для Літвы”.

Па меркаванні сп. Ціхановіч, сёлета, як і ў мінулым годзе, колькасць заявяк на ўдзел у “Еўрафэсце” сягне за сто. Кожнага выканаўца з гэтай сотні зараз назваць нерэальна, але тое-сёе наконт таго, хто пазмагаецца за квіток да Масквы на “Еўрабачанне 2009” сказаць ужо можна.

У прыватнасці, гурт “Litesound”, трохразовы ўдзельнік “Еўрафэстаў”, мае планы і на чацверты выступ. Распавядае дырэктар гурта Юры Каракін:

Юры Каракін, дырэктар гурта “Litesound”: “Еўрафэст” – гэта магутная, сур’ёзная магчымасць для любога маладога гурта паказаць сябе і адразу ж павялічыць свій рэйтынг. Мы адсочваем гэйтынг гурта праз інтэрнэт і бачым залежнасць паміж выступамі на “Еўрафэсце” і папулярнасцю гурта ў інтэрнэце!

І яшчэ, эта адзіны конкурс, дзе аб’ектыўны вынік бачна па галасаванні гледачоў. Напрыклад, “Litesound” двойчы заўмаў на глядацкім галасаванні другое месца. Але журы вырашала па-свойму”.

Гюнэш Абасава, якая ў мінулым годзе спынілася ў адным кроку ад “Еўрабачання”, саступіўшы ў фінале Руслану Аляхно, пойдзе на сёлетні “Еўрафэст” не па рэйтынгі. Спявачка вырашыла пайсці на прынцып і “дастаць” Ціхановічаў. Вось што напаўжартам паведаміла “Еўрарадыё” дырэктарка спявачкі Вольга:

Вольга, дырэктарка праекта “Gunesh”: “Мы як сказалі Ціхановічам, што будзем біцца да апошняга… Мы сваё слова трымаем!”.

Гурт “Палац” сваёй мінулагодняй спробай патрапіць на “Еўрабачанне” здзівіў шмат каго са сваіх прыхільнікаў. Лідэр гурта Алег Хаменка сцвярджае, што ўдзелам у “Еўрафэсце” задаволены. Але наконт таго, каб афармляць заяўку сёлета, музыкі яшчэ нават не раіліся. Бо проста ўдзельнічаць у конкурсе ім ужо нецікава:

Алег Хаменка: “Трэба было б пайсці нейкім фронтам: “Крама”, “дзюбель”, “Палац”, “Крабмабмуля”, ды можна яшчэ Жэні Калмыкову патэлефанаваць. Я ўпэўнены, што ва ўсіх хлопцаў ёсць цікавыя творы. Канешне, гэта была б бомба!”

На жаль, сёлета “Еўрафэст” пройдзе без аднаго з самых яркіх мінулагодніх удзельнікаў. Гурт Dali з ініцыятывы свайго прадзюсара Ігара Зныка вырашыў прабівацца на “Еўрабачанне” праз Польшу.

Dali – не першыя з беларусаў, якія паспрабуюць скарыць “Еўрабачанне” з, так бы мовіць, культурнай эміграцыі. Тры гады таму спявачка Наталля Падольская выйграла “квіток на конкурс” падчас расійскага нацыянальнага адбору. Год таму паўтарыць подзвіг Падольскай не здолела Паліна Смолава.

Паводле франтмэна гурта Dali Віктара Рудэнкі, песня для ўдзелу ў польскім адборы ўжо падрыхтаваная:

Віктар Рудэнка: “Песня называецца “Every Day”! Магу пачатак праспавыць… ОК!
(спявае)
 That’s it!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі