Алег Трусаў: 7 лістапада 1917-га адбыўся дзяржаўны пераварот

Алег Трусаў: 7 лістапада 1917-га адбыўся дзяржаўны пераварот

Беларускі гісторык і грамадскі дзеяч Алег Трусаў выказаў сваё меркаванне наконт падзеяў 1917 года ў эфіры тэлеканала АНТ. Як вядома, Беларусь — адзіная краіна ў свеце, у якой 7 лістапада — дзяржаўнае свята "Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі". Нават у Расіі яго ўжо няма.

"На маю думку, гэта не зусім рэвалюцыя, — кажа кандыдат гістарычных навук. — Лютаўская рэвалюцыя [1917-га] — гэта рэвалюцыя, калі на вуліцы [у Петраградзе] выйшлі тысячы людзей. 7-га лістапада (25 кастрычніка па старым стылі) [1917-га] адбыўся дзяржаўны пераварот. Яго называлі бальшавіцкім пераваротам. Так, дарэчы, яго называлі і Троцкі, і Ленін. І толькі ўжо пры Сталіне стала называцца "рэвалюцыя". Так што гэта не была рэвалюцыя ў поўным класічным сэнсе. Гэта значыць, людзі не выходзілі тысячамі, як было ў лютым.

Тым не менш, дзяржаўны пераварот адбыўся. Устаноўчы сход бальшавікоў не падтрымаў, бо ў большасці там былі не бальшавікі, а эсэры і меншавікі. І літаральна праз некалькі дзён у савецкай ужо Расіі ўстанавілася дыктатура пралетарыята. Што гэта такое? Не дай Бог нікому перажыць вось гэтыя падзеі. Таму што там пачнецца і белы тэрор, і чырвоны тэрор. А Беларусь увогуле была падзелена фронтам яшчэ ў 1915 годзе. Так што тое, што было ў Петраградзе, не зусім тое было на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Потым яшчэ была "дадатковая" нямецкая акупацыя — немцы дайшлі да Магілёва.

Тым не менш, менавіта гэтая з'ява... зрабіла тое, што мы зараз з вамі незалежныя. Таму што часовы ўрад [Расіі]... за вайну да пераможнага канца. І тут толькі дзякуючы бальшавікам і палітыцы Леніна адбыліся карэнізацыя, беларусізацыя, потым — НЭП... Канешне, вялікія былі страты. Але, тым не менш, пачатак будучай дзяржаўнасці... і БНР, і БССР не адбыліся б, каб не гэтая дата, якую адны называюць пераваротам, іншыя — рэвалюцыяй".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі