Алега Корбана асудзілі на 10 сутак арышту
Лідар грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва” быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска за “дробнае хуліганства”.
Па інфармацыі праваабаронцаў, яго затрыманне адбылося 12 жніўня, а 10-й раніцы, каля станцыі метро “Каменная горка”. У РУУС Фрунзенскага раёна Мінска на Корбана быў складзены пратакол за “дробнае хуліганства”. Як распавёў актывіст “Альтэрнатывы” Ілля Дабратвор, які сёння пасля 14-суткавага арышту выйшаў з ЦІПу на Акрэсціна, Алег Корбан мусіў яго сустракаць.
“Аднак, паколькі ён не прыйшоў да ЦІПу, я зразумеў, што штосьці тут не так”, - цытуе Дабратвора сайт “Вясны”.
4 ліпеня Алег Корбан ужо быў асуджаны да 10 сутак адміністратыўнага арышту – пасля прэвентыўнага затрымання, звязанага са святкаваннем у Мінску 3 ліпеня афіцыйнага дня незалежнасці. Актывіст "Альтэрнатывы" Ілля Дабратвор быў затрыманы 29 ліпеня і асуджаны да 14 сутак адміністратыўнага арышту. А іх паплечнік Алег Кераль быў затрыманы 5 жніўня, калі прынёс на Акрэсціна перадачу Дабратвору, і зараз адбывае 10-суткавы арышт.