Алекс Тэрнэр больш не хоча граць на гітары ў Arctic Monkeys
Музыка бачыць сябе толькі ля мікрафоннай стойкі. Таму падшуквае сабе замену на гастролі.
Фронтмэн Arctic Monkeys Алекс Тэрнэр больш не хоча граць на гітары. У інтэрв'ю NME музыка распавядае, што на канцэртах у падтрымку новага лонгплэя "АМ" ён з задавальненнем перадасць інструмент іншаму гітарысту.
Прэтэндэнтам на ролю новага гітарыста Arctic Monkeys Тэрнэр называе Тома Роўлі з брытанскага гурта Dead Sons, які гастралюе разам з Arctic Monkeys. Роўлі вабіць Тэрнера тым, што падчас гастроляў "пачухвае жывот, гладзіць сябе па галаве, грае на гітары і правярае e-mail".
Новая пласцінка Arctic Monkeys мае выйсці ўжо 9 верасня. Вялікі тур у яе падтрымку пачнецца ў кастрычніку і працягнецца да канца года. Дагэтуль музыкі сыграюць у ЗША і выступяць у Лондане ў дзень выхаду альбома. Дарэчы, паслухаць яго можна на iTunes ужо з 4 верасня.
Фота: vulturehound.co.uk