Arctic Monkeys "АМ"
Пятая пласцінка Шэфілдскага квартэта. Лёгкая і сэксуальная.
Arctic Monkeys саспелі да свайго "ідэальнага стану" і запісалі надзвычай сакавіты альбом. Магчыма, ён ствараўся пад уплывам хіп-хопа і r'n'b, што не раз падкрэслівалі Алекс Цёрнер і кампанія. Але на выхадзе "АМ" акунае вуха ў свет туманнага рытм-энд-блюзу ("Do I Wanna Know?"), соўлу з адной лыжкай цукру ("I Wanna Be Yours") ды псіхадэлічна-нядбайнага рок-н-ролу ("R U Mine?").
Ад самага пачатку хлопцы з Шэфілда ішлі крыху дзіўным шляхам. Лэйблы яны ігнаравалі, да СМІ не заляцаліся, музыку распаўсюджвалі праз інтэрнэт, і нягледзячы на гэта, іх пласцінкі рабіліся ледзьве не самымі прадаванымі ў гісторыі Брытаніі. Кожны новы альбом Arctic Monkeys прымушаў чухаць патыліцу, бо быў больш дарослым і цікавым у параўнанні з папярэднім. Музыка гурта нібыта прайшла агонь, ваду і медныя трубы, перажыла рознага кшталту мутацыі і прыйшла на пласцінцы "АМ" да сэксуальнага, лянівага, клубна-пракуранага, нетаропкага року ("Fireside"). Вось так, нам па 28, і мы нікуды не спяшаемся.
Праўда, пры гэтым не бачна, каб музыкі трымаліся ў плыні, красаваліся ў прамянях славы ці дэпрэсавалі на іх фоне. Не. Цёрнер з камандай увогуле не ўмеюць адпачываць. Яны ўвесь час нешта робяць: то выдаюць альбомы з бі-сайдамі, то граюць канцэрты ды штурмуюць фестывалі.
Набор поспеху ў "Малпаў" увогуле, і на новым альбоме ў прыватнасці просты: сплаў фірмовых, брытанскіх мелодый, няпростых рытмаў, цікавых аранжыровак у асаджэнні тлустага і хітра накручанага гуку. Нібыта і нічога новага, але затое як свежа! Ну, і, натуральна, Цёрнеру заўсёды ёсць пра што сказаць і што спытаць. Ён не супраць стаць нават пыласосам, каб дакапацца да глыбіні пачуццяў і прыпаўзці назад, каб наталяцца ў прыемных і цяжкіх пакутах.
На "АМ" Arcic Monkeys нібыта замацоўваюць свой пераход ад інды ў мэйнстрым. Аднак не вядома, як доўга там затрымаюцца Шэфілдскія музыкі, асабліва ведаючы іх цягу да эксперыментаў.