Алексіевіч і Латушку выклікалі на допыт у Следчы камітэт

Каардынацыйная рада / Еўрарадыё
Каардынацыйная рада / Еўрарадыё

На допыт па крымінальнай справе ў Следчы камітэт выклікаюць нобелеўскага лаўрэата Святлану Алексіевіч і былога дырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушку. Яны з'яўляюцца членамі прэзідыума Каардынацыйнай рады.

Павел Латушка павінен з'явіцца ў СК у якасці сведкі 25 жніўня ў 10 гадзін, Святлана Алексіевіч — 26 жніўня ў 14:00.

Звязана гэта ўсё з крымінальнай справай па факце стварэння Каардынацыйнай рады. 20 жніўня генеральны пракурор Аляксандр Канюк заявіў, што стварэнне і дзейнасць рады "накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі".

Раней у СК па гэтай жа справе выклікалі іншых членаў Каардынацыйнай рады: Максіма Знака, Сяргея Дылеўскага і Лілію Уласаву. Па справе яны праходзяць у якасці сведак.

Дарэчы, сёння супрацоўнікі АМАПа затрымалі двух членаў Каардынацыйнай рады — давераную асобу кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Вольгу Кавалькову і лідара страйкавага камітэта МТЗ
Сяргея Дылеўскага. Іх месцазнаходжанне да гэтага часу невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі