Алесь Пушкін: "Калі Горадню зруйнуюць - гэта усё, незваротная рэч..."

Алесь Пушкін, выдатны мастак, абразапісец, рэстаўратар, адзін з першых флэшмобераў у Беларусі, дызайнер беларускіх тату. Але найболей беларусы памятаюць яго як мастака, які падарыў Аляксандру Рыгоравічу тачку з гноем, яшчэ і з дастаўкай - падвёз пад самую рэзідэнцыю.
Пушкін быў праездам у Варшаве, дзе і адказаў на некалькі пытанняў Еўрарадыё.

ERB: Што такое сучаснае беларускае мастацтва ў Беларусі?

А. Пушкін: Гэта - права кожнага чалавека знайсці сваю свабоду, мы самыя вольныя людзі. Мастацтва гэта адзіная форма свабоды і любімага занятку, якая не гарантуе табе дабрабыту ці пашаны, можа нават выглядаць як дзівацтва, але гэта ратунак сумлення.

Мастак мяркуе, што сучаснае беларускае мастацтва найбольш чыстае, бо ў творчым працэсе ніхто ня думае пра грошы, час зараз ня той. Самы блаславёны час - бо гэта чыста і ад душы. Я бяру гэтыя рукі, я раблю калючы чырвона-зялёны дрот, - і ў гэтым нашая эпоха. Рукі цяжарнай, спелянаныя чырво-зялёным дротам. Гэтым калгасным фашызмам. Можа, потым музей сучаснай фатаграфіі гэта набудзе. Калі зменіцца улада, тады будзем абмяркоўваць кан'юктуру, аўкцыёны ды кошты.


ERB: Ці варта чыстае мастацтва ўмешваць у брудную палітыку?

А. Пушкін: А нікуды не падзенешся. Я падзяляю гэты крыж і чашу жыцця, якое пражывае мой народ. І чаша гэтая бывае напоўненая і чыстымі слязьмі. І як у Анатоля Сыса, эгаізмам, але разам са сваім народам гэтую чашу трэба выпіць. Якой бы яна не была - салодкай, бруднай, горкай. Далей паглядзім, галоўнае – выпіць гэтыя падзеі, асэнсаваць і перадаць у форме мастацтва - пэрформансу, плакату, калажаў, абразоў. А вынікі падводзіць ня мне. Гэта будзе каштоўнасцю - паказчыкам, як мы пражылi гэты складаны час, час, пра які Кася Камоцкая праспявала "новае неба над новай краінай" быў, цяпер iзноў лукашызм, вяртанне да лініі Сталіна, да бяcконцых забаронаў... І гэты час застанецца і ў фільмах Хашчавацкага, і на палотнах, пэрформансах і ў вершах.


ERB: Сёння назіраецца тэндэнцыя знішчэння архітэктурнага мастацтва, гістарычнай спадчыны, знішчэньня пад корань, каб і слядоў не засталося, перадусім у Горадні і ў Мінску. Калі улады здолееюць сцерці сьляды мінулага, ці здолеюць беларусы адрадзіцца духоўна як нацыя?

А. Пушкін: Усё пытанне ў палітыцы, Калі дзяржаве патрэбная карцінка - пацёмкінскія вёскі, калгасныя аграгарадкі, то мы і бaчым жахлівую манкуртызацыю: так пазбавіць памяці, каб і праз 50 год не знайшлі і слeдy, ні аўтэнтычнай цaглінкі, а толькі цэглу, адлітую на мінскім цагляным заводзе ў 2007 годзе, у будаўнічым трэсце № 17. Вось іх гісторыя, і гэта жахліва. Яны будуць рэстаўраваць тое, што збудавалі зараз, і для нашых дзетак ужо гэта будзе гістарычнай спадчынай, - так і будзем жыць у імітаваным грамадстве. Таму так істотна захоўваць лідскія сцены, гальшанскія рэшткі палацу, хай яны распадаюцца, але мы ведаем, што гэта 17 стагодзьдзе. Калі Горадню зруйнуюць - гэта усё, незваротная рэч...

Янка Багушэвіч з Варшавы

Фота: pushkin.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі