Аляксандр Атрошчанкаў: Зноў адбываецца нейкая патаемная дыпламатыя
Віталь Рымашэўскі, Алесь Лагвінец і Аляксандр Атрошчанкаў распавялі падрабязнасці сустрэчы еўрачыноўніка Гунара Віганда з прадстаўнікамі апазіцыі.
Лагвінец: Думаю, была прапанова “абнуліць” адносіны
Еўрарадыё: Чаму Гуннар Віганд наведаў Беларусь менавіта сёння?
Лагвінец: Сёння еўрапейская палітыка Мінску не працуе. Беларусь па-ранейшаму ў напаўізаляцыі і сітуацыя ў краіне не мяняецца да лепшага. Ёсць прагарамы, якія ЕС можа прапанаваць Беларусі. Краіна не ў стане сёння адказаць на выклікі мадэрнізацыі і таму ЕС у чарговы раз працягвае руку супрацоўніцтва. Сітуацыя не вельмі добрая для ЕС, калі ён глядзіць на Беларусь і не можа ні на што паўплываць: беларускія ўлады па-ранейшаму не выпускаюць палітвязняў, свабода не пашыраецца. Але з іншага боку ЕС жадае супрацоўнічаць з Беларуссю як з краінай.
Еўрарадыё: Гуннар Віганд дапусціў, што днямі выпусцяць кагосьці з палітвязняў. У вас ёсць ідэя, хто гэта можа быць?
Лагвінец: Тут можна варажыць на кававай гушчы, гэта вельмі складана. Калі беларускія ўлады і паабяцалі выпусціць аднаго з палітвязняў, то хутчэй за ўсё гэта не будзе самае гучнае імя. Хаця тут спрагназаваць вельмі складана.
Еўрарадыё: Мы ведаем, што проста так у нас вязьняў не выпускаюць. Як вы думаеце, ці Еўропа прапанавала штосьці Мінску?
Лагвінец: Я думаю, што была прапанова “абнуліць” адносіны, а найбольшая праблему робіць цяпер пытанне палітычных вязняў. Чакаецца так ці інакш канкрэтны крок з боку беларускіх уладаў. Яны пачыналі нешта рабіць, як прыязджаў міністр замежных спраў Балгарыі Младэнаў. Потым спыніліся. Цяпер, можа, надышоў час, каб яны зноў пачалі нешта рабіць. Але, вядома ж, яны хочуць падацца, што захоўваюць твар. Таму і трэба былі нейкія перамовы, хтосьці камусьці штосьці паабяцаў. Але пазіцыя ЕС вельмі цвёрдая – спачатку ў краіне не павінна быць палітычных зняволеных.
Еўрарадыё: Ці магчыма супрацоўніцтва ўлады і апазіцыі ў экспертных групах, пра якія казаў Віталь Рымашэўскі?
Лагвінец: Такія рэчы магчымыя. Пытанне, наколькі ўлады гатовыя гэта рабіць і ці здольныя потым рэалізоўваць тыя прапановы. Магчымасць вяртання да нармалёвага грамадскага дыялёгу застаецца адкрытай. Тут усё залежыць толькі ад уладаў, бо яны кантралююць сітуацыю ў краіне, прымяняючы сілавыя механізмы. Пытанне, ці здольныя яны не прымяняючы сілавых механізмаў спрабаваць наладзіць грамадскі дыялог.
Еўрарадыё: Ці пойдзе Мінск на супрацу з Еўропай гэтым разам?
Лагвінец: У нас усё цыклічна. Я думаю, што мы напярэдадні новага вербальнага дыялогу, але як далёка ён зойдзе, будзе залежаць ад шматлікіх чыннікаў: стану беларускага грамадства, ціску знізу на ўлады, ціску з боку Расіі на беларускія ўлады, дамінавання больш ліберальных ці больш кансерватыўных колаў унутры беларускага рэжыму.
Рымашэўскі: ЕС не пойдзе на зніжэнне планкі для Беларусі
Еўрарадыё: Прэс-служба МЗС напісала, што Вігант і МЗС абмеркавалі магчымыя варыянты развіцця дыялогу паміж Еўрасаюзам і афіцыйным Мінскам. Ці казаў спадар Вігант, з чым звязаная такая размарозка адносін?
Рымашэўскі: Я думаю, што пра размарозку адносін пакуль што казаць зарана. Гэты візіт звязаны з дэкларацыяй, на якіх умовах Еўразвяз гатовы размаўляць з беларускай уладай. Я лічу, што нармальна, каб “мэсэдж” быў данесены.
Еўрарадыё: Але чаму менавіта ў гэты момант?
Рымашэўскі: Я думаю, што гэта звязана з наступнымі выбарамі ў Беларусі, і беларускія ўлады праводзяць актыўную палітыку з дапамогай сваіх афіцыйных прадстаўнікоў з МЗС, так і з дапамогай – як мы ўжо бачым – некаторых апазіцыйных колаў. Актыўную палітыку на тое, каб выбары былі легалізаваныя і прызнаныя Захадам, каб размарозіць стасункі, атрымаць эканамічную дапамогу, прынамсі пасля выбарчай кампаніі.
Еўрарадыё: А санкцыі, палітвязні?..
Рымашэўскі: Безумоўна, сённяшні фармат размовы тычыўся бачання палітычнай сітуацыі, санкцыяў, праблемы палітвязняў, праблемы магчымых шляхоў дыялогу з беларускімі ўладамі. На сёння было задэкларавана, што ЕС па-ранейшаму разглядае дэмакратычныя сілы Беларусі і грамадзянскую супольнасць як удзельніка перамоў з беларускімі ўладамі. Прапанавана стварыць экспертныя групы ў розных галінах, скіраваныя на трансфармацыю Рэспублікі Беларусь: эканамічную, палітычную і г. д. Сумесна з прадстаўнікамі беларускіх незалежных экспертаў, а таксама з прадстаўнікамі экспертаў з боку ўлады. Разглядалася, таксама, магчымасць стварэння ўладамі штучнай апазіцыі, азербайджанізацыі Беларусі, чаго так прагне беларуская ўлада. Я адчуў, што ёсць разуменне ў Еўропы і яны не пойдуць на зніжэнне стандартаў для Беларусі.
Еўрарадыё: Дык размова ў МЗС адбывалася на высоўванне нейкіх умоваў, ці МЗС не хлусіць і будзе далейшы дыялог?..
Рымашэўскі: Безумоўна, былі размовы пра далейшы дыялог. Я назваў пачатковыя механізмы, якія прапанаваныя: стварэнне экспертных груп. Усё, што было агучана не выходзіць за межы трохкрокавай стратэгіі аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі. Я нагадаю, што першы крок – вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыя, другі – супольны план рэфармавання беларускай эканомікі, трэці крок – правядзенне свабодных выбараў. І ўжо затым – поўная нармалізацыя стасункаў. Было таксама агучана, што пасля 27-га лютага будуць пашыраныя крытэрыі спісу неўязных і павялічаная колькасць чыноўнікаў, якія трапяць у спіс. Таксама было агучана, што беларускія ўлады, магчыма, выпусцяць кагосьці з палітзняволеных у бліжэйшыя тыдні, але гэта толькі меркаванне, а не дакладнае абяцанне ўладаў.
Еўрарадыё: Ці агучваў штосьці сп. Вігант пра пашырэнне спісу неўязных?
Рымашэўскі: Агучваў непазбежную верагоднасць пашырэння спісу і крытэрыяў, паводле якіх чыноўнікі будуць трапляць у гэты спіс. Прычым, гэта адбудзецца неўзабаве – ужо ў лютым. Еўрарадыё: Ці гучалі канкрэтныя прозвішчы?Рымашэўскі: Не гучалі. Магчыма, туды трапяць бізнэсоўцы, адказныя за фінансаванне рэжыму, але канкрэтных прозвішчаў не называлі. Размова была вельмі насычаная і сціслая. Гутарылі пра стратэгію, пра бачанне перамоваў з уладамі і апускацца да дэталяў не было проста часу.
Еўрарадыё: Якія ўмовы агучыў сп. Вігант, каб ЕС мог пайсці на перамовы з афіцыйным Мінскам?
Рымашэўскі: Перадумовы! Ён агучыў прынамсі адну перадумову. Гэта – вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных. А астатнія – зразумелыя і відавочныя: свабодныя выбары, спыненне рэпрэсій, паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека. Казалася, што геапалітычнае становішча Беларусі адрознае ад Лівіі ці Азербайджану. Таму “планка” заўсёды будзе вышэйшая. Беларусь – частка Еўропы і так яна разглядаецца.
Аляксандр Атрошчанкаў: Ізноў адбываецца нейкая патаемная дыпламатыя
Еўрарадыё: Якія ўражанні ў вас ад гэтай сустрэчы?
Атрошчанкаў: Уражанні вельмі супярэчныя, насцярожвае пачатак гэтага працэсу. Па-першае, мы ўжо бачылі некалькі няўдалых спробаў Еўразвязу ўцягнуць лукашэнкаўскі рэжым у нейкі дыялог. Лукашэнка ніколі не дэманстраваў сапраўднага жадання да дыялогу, ён вырашаў свае лакальныя задачы, ці шукаў сродкаў, ці шукаў чарговыя козыры ў гандлі з Расіяй. Тое ж мы бачым зараз: Лукашэнка робіць выгляд што сітуацыя на ўсходнім фронце вельмі добрая, што ўсе пытанні вырашаныя. Але зразумела, што гэта ўсё далёка не так. Еўропа можа падгуляць Лукашэнку ў гэтым гандлі.
Еўрарадыё: Шмат хто заўважае, што чарговая ідэя дыялогу з беларускім рэжымам актывізавалася ў еўрапейскіх структурах. Адкуль на вашую думку гэтая ідэя ўзнікла?
Атрошчанкаў: Гэта першае пытанне, якое я задаў сёння нашаму госцю. Ён адказаў, што з боку афіцыйнага Мінска ідуць пэўныя планы, у бліжэйшыя тыдні могуць быць вызваленыя палітвязні, што сітуацыя, якая зараз існуе – патавая, яна не задавальняе ні афіцыйны Мінск, ні еўрапейскіх палітыкаў. Але мы з іншымі ўдзельнікамі сустрэчы адказалі, што гэтая пазіцыя вельмі слабая, аргументацыя слабая - нейкія намёкі, нейкія абяцанкі таго, што нехта выйдзе. Чаму нехта? Чаму не сёння, не ўчора? Чаму не ўсе разам? Зразумела, што вядзецца не пра пытанне законнасці. Лукашэнка сам называе гэтых людзей палітвязнямі. Самі беларускія ўлады разумеюць, што гэтыя людзі сядзяць не па законе, што яны проста тавар для гандлю. Сітуацыя ў рэжыма дастаткова сур’ёзная – праблемы эканомікі не вырашаныя і нават няма ідэяў, як іх вырашаць, сітуацыя з Расіяй вельмі дрэнная, рэйтынг Лукашэнкі вельмі нізкі, называецца лічба 24-25 адсоткаў, на самай справе – завал па ўсіх франтах. Але нават у гэтай сітуацыі лукашэнкаўскі рэжым не прапануе Еўропе нармальных абяцанняў. Я спадзяюся, што Еўропа гэта не купіць і пойдзе на больш прынцыповыя патрабаванні.
Еўрарадыё: Еўразвяз збіраецца прапанаваць план мадэрнізацыі і фінансавай падтрымкі Беларусі. Ці вялася пра гэта гаворка і каму Еўропа збіраецца прапаноўваць гэты план – палітвязням, апазіцыі ці ўладам Беларусі?
Атрошчанкаў: Пра план канешне гаварылі, пра тое, якія прэферэнцыі можа атрымаць Беларусь, калі пойдзе па шляху вызвалення палітвязняў, дэмакратызацыі, мадэрнізацыі. Але механізм таго, як гэта будзе адбывацца, няясны ды і ўвогуле не зразумела, чаму гэта павінна адбывацца ў краіне, дзе самыя папулярныя апазіцыйныя палітыкі сядзяць у турмах.
Еўрарадыё: То бок глабальных высноваў з гэтай сустрэчы рабіць нельга?
Атрошчанкаў: Зразумела, што сустрэча вельмі важная, яна дала шмат матэрыялу для роздуму пра тое, што адбываецца сёння паміж Беларуссю і Еўразвязам. Але, на жаль, сапраўды ізноў адбываецца нейкая патаемная дыпламатыя, еўрапейскія палітыкі не ведаюць як патлумачыць, чаму ўсё пачалося менавіта зараз. Мы шмат разоў бачылі, як правальваліся падобныя спробы. Мы бачым, што еўрапейскія палітыкі, якія абяцалі штосьці беларускаму народу і ня выканалі сваіх абяцанняў, не нясуць ніякай адказнасці. Мы бачылі абяцанкі і ад Фюле і ад Сікорскага напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, ад балгарскага міністра замежных справаў мінулай восенню. Дзе зараз яны, і дзе іх абяцанкі? Мы спадзяемся, што людзі, якія арганізуюць сённяшнюю размову будуць сачыць за выкананнем сваіх абяцанняў.