Аляксандр Кулінковіч: Neuro Dubel мусіць распасцца

1 сакавіка музычны інтэрнет-рэсурс Experty.by вызначыў лепшыя альбомы мінулага года, цягам якога беларускія артысты 44 разы радавалі слухачоў і экспертаў сваімі рэлізамі. Праўда, леташняя поп-прадукцыя не адпавядала патрабаванням экспертаў, набрала нізкія балы і таму ад намінацыі “Лепшы поп-альбом” строгія крытыкі вырашылі адмовіцца.  

Каардынатар праекту Experty.by Зміцер Безкаравайны

У выніку эксперты раздалі прызы ў дзевяці традыцыйных намінацыях. Так, дэбютам года стаў дыск “На балоце” маладога рэп-гурта Pananieba. Паводле эксперта Сяргея Будкіна, альбом “На балоце” можа змяніць стаўленне да беларускага рэпу.

Сяргей Будкін: “Перамог альбом, які мяне ўразіў. Я думаў, што старэйшых экспертаў ён менш уразіць, але па-мойму, тут абсалютны быў баланс, гармонія і адзінадушша ў адзнаках. Гэта рэп-альбом, які, відаць, што можа змяніць стаўленне нават тых людзей, якія гэты кірунак не любяць і не прымаюць яго ў беларускім рэчышчы. Гэта абсалютна здораўскі альбом!”

Pananieba

На думку ўдзельнікаў Pananieba, “здораўскі альбом” арыентаваны на людзей, незалежна ад іх музычных густаў, а запамінаецца ён нацыянальным каларытам і жывымі інструментамі, што не вельмі характэрна для рэпа.

Pananieba: “Мы рабілі тое, што падабаецца нам самім. Але,у прынцыпе, арыентаваліся не проста на аматараў рэпу, а на людзей ўвогуле. Таму, я думаю, што альбом спадабаецца нават аматарам року. Наша фішка ў тым, што тут, па-першае, запісаны жывыя гітары, жывыя сола - звычайна ў рэпе ўвогуле няма жывой музыкі, а ў нас яна ёсць. Таксама магу адзначыць, што ў ім ёсць беларуская рыса, фолькавая прыкмета, якой звычайна ў рэпе няма”.

Эксперт Алег Клімаў 

Узнагароду ў намінацыі “Лепшы рэкард-лэйбл” трэці год запар забрала кампанія “West Records”. Астатнія 7 намінацый размеркаваліся паміж двума альбомамі – “Кола вяртанняў” міжнароднага праекта Hvarna, які базуецца ў Піцеры, і “Рух” - ужо неіснуючага гурта “Дзецідзяцей”.

Сяргей Ясючэня, кампанія West-Records

Альбом “Кола вяртанняў” выпадкова апынуўся ў Беларусі, паколькі першапачаткова быў арыентаваны на еўрапейскага слухача. Экспартны характар альбома адзначыў і эксперт Зміцер Падбярэзскі.

Зміцер Падбярэзскі: “Музыканты прадставілі беларускую песню, як мне падалося, якая не тое, каб беларусаў знаёміць з беларускай песняй, а адкрывае цалкам новыя грані ў беларускай народнай песні для тых, хто не з’яўляецца беларусамі”.

Эксперт Зміцер Падбярэзскі

Заснавальнік праекту Hvarna - Андрусь Палаўчэня, лідар гурта Osimira, звязвае праект са сваім сталеннем і новым поглядам на рэчы, і збіраецца прэзентаваць Hvarna у Беларусі, дарэчы, “эксперты” дапамаглі прыняць такое рашэнне.

Андрусь Палаўчэня: “Мы маем ужо запрашэнне ад фестывалю Крывітэрна, ад “экспертаў”, і я думаю, як лепш зрабіць, каб гэта было цікава і шмат людзей маглі трапіць і гэта ўбачыць. Бо гэта не проста канцэрт, а гэта містэрыя. Мы робім канцэрты толькі ў тэатрах, бо там ёсць рытуальны складнік, гэта не проста песні і ўсё”.

Андрусь Палаўчэня, Hvarna

Альбом “Кола вяртанняў” ад Hvarna (апроч Андруся ў праекце бяруць удзел расійскія музыкі) стаў лепшым фолк-альбомам 2010 года, а таксама лепшым альбомам па версіі народных і замежных экспертаў.

Народны эксперт Андрэй Кургановіч

Эксперт Анатоль Вечар і яго "самавар" Аксана Вечар

Зміцер Безкаравайны

Галоўнай інтрыгай цырымоніі да канца заставалася пытанне – хто пераможа –“Рух” ад ДзеціДзяцей ці “Афтары правды” ад Neuro Dubel. Тым больш, што лідары абодвух гуртоў прысутнічалі на імпрэзе. У выніку перамог “Рух”. Пласцінка атрымала прэміі ў чатырох намінацыях: “Лепшы беларускамоўны альбом”, “Лепшы альбом па версіі Вялікага журы”, “Лепшы рок-альбом” і “Лепшы альбом 2010 года”.

За ўзнагародамі прыйшлі ўсе “ДзеціДзяцей”Аня Хітрык, Міша Зуй і Зміцер Есяневіч. Хлопцы не выключаюць магчымага ўз’яднання гурта, тым больш, што ў паветры засталося шмат незапісаных песень.

Зміцер Есяневіч: “Я такі чалавек, што па-філасофску стаўлюся да ўсяго, і ў глыбіні душы спадзяюся, што мы аднойчы, у хуткім часе, ці не ў хуткім, захочам што-небудзь разам усё-такі зрабіць. У нас жа яшчэ столькі песень засталося незапісаных. У прынцыпе, можна б было і папрацаваць”.

Асентыменталеная новым мацярынскім статусам Аня Хітрык пажадала прысутным добрай вясны.

Аня Хітрык: “Невядома, калі мы наступны раз пабачымся, невядома, наколькі нас чакаюць узнагароды, кожнага з нас, тут прысутных, але я хачу пажадаць вам проста добрай вясны, каб вы часцей усміхаліся. Мабыць, тое, што я стала мамашай, робіць мяне яшчэ больш сінтэментальнай. І мне хочацца проста пажадаць, каб вы былі ох як патрэбныя, і ох як шчаслівыя”.

На пытанне Еўрарадыё, якую выснову зрабіў Аляксандр Кулінковіч, атрымаўшы суцяшальны прыз у выглядзе інданезійска дажджу і не атрымаўшы аніводнай узнагароды, музыка адказаў адназначна – трэба распадацца.

Аляксандр Кулінковіч: “Трэба тэрмінова распадацца – тады атрымаем альбом года, яшчэ, магчыма, і гурт года, як N.R.M. Гэта модна. Мы - лахі ганебныя: усё яшчэ жывыя, усё яшчэ нармальныя, усё яшчэ працуем, усё яшчэ запальваем публіку, але, на жаль, нічога не атрымліваем”.

Аляксандр Кулінковіч

Зразумела, што не ўсе пагодзяцца з “экспертамі”, хаця б, наконт року і “дзяцей”, аднак узнагароды раздадзеныя. Еўрарадыё жадае “Экспертам.бай” вырасці ў прэстыжную прэмію з чырвонымі дыванкамі і лімузінамі, а беларускім музыкам – выдаваць якасныя і цікавыя рэлізы!

Адкрываў цырымонію гурт The Silicon, альбом якога "Desert Storm" апынуўся на другім месцы сярод дэбютаў года.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі