Аляксандр Лукашэнка дазволіў лясной ахове выкарыстоўваць зброю і спецсродкі
Прадстаўнікі лясной аховы Беларусі / БЕЛТА
Лясная ахова ў Беларусі атрымала дазвол выкарыстоўваць зброю і спецсродкі. Гэта прадугледжваецца зменамі ў Лясны кодэкс, якія падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Прадстаўнікі лясной аховы могуць прымяніць сілу, спецсродкі або зброю, калі на іх або іншых людзей нападаюць і пры гэтым падвяргаюць небяспецы іх жыццё або здароўе; калі здзяйсняецца напад на аб'екты дзяржаўнай лясной аховы; калі нападнік спрабуе завалодаць зброяй або спецсродкамі службовай асобы і ў шэрагу іншых выпадкаў. Усе яны прапісаныя ў абноўленым Лясным кодэксе. Пры гэтым службовая асоба не будзе несці адказнасці за шкоду, якая была зробленая ў выніку прымянення фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Адзначым, што Дзяржаўная лясная ахова сочыць за парадкам у лясах: каб не было незаконнай высечкі лесу, ягады і грыбы збіраліся без шкоды прыродзе і вогнішчы не распальваліся ў неналежных месцах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.