Амаль 3% беларускіх арганізацый не маюць выхаду ў інтэрнэт
А 31,4% арганізацый дагэтуль карыстаюцца dial-up.
2,7% беларускіх арганізацый не маюць выхаду ў інтэрнэт, а 31,4% карыстаюцца dial-up (калі падлучацца трэба праз дазвон па стацыянарным тэлефоне).
Такія звесткі публікуе Белстат па выніках даследавання 2014 года.
У 2014 годзе 97,3% даследаваных арганізацый мелі доступ у інтэрнэт, 89,1% карысталіся шырокапалосным інтэрнэтам. З усіх апытаных арганізацый 31,4% дагэтуль выкарыстоўваюць dial-up і 26,6% карыстаюцца бяздротавым доступам.
"Справа ў тым, што некаторыя арганізацыі карыстаюцца некалькімі відамі доступу ў інтэрнэт", — тлумачаць Еўрарадыё ў Белстаце.
Але застаецца 9,9% арганізацый, якія не маюць шырокапалоснага доступу. Па дадзеных даследавання, сярод усіх арганізацый інтэрнэт хуткасцю ад 256 кбіт/с да 2 Мбіт/с маюць 31,1% арганізацый, 40% маюць доступ на хуткасці ад 2 Мбіт/с да 10 Мбіт/с.
Доступ да інтэрнэту маюць 59% беларусаў, старэйшых за 6 гадоў, персанальныя камп’ютары маюць 59,9% сем'яў. Толькі 6,4% карыстаюцца мабільнымі прыладамі для выхаду ў інтэрнэт.
У выніках даследавання можна пабачыць, што даволі шмат беларусаў карыстаюцца пірацкім кантэнтам. Так, для прагляду і спампоўвання фільмаў і спампоўвання музыкі ў інтэрнэт заходзяць 75,5% карыстальнікаў, 91,9% — для пошуку інфармацыі, 74,5% — для камунікацый у сацыяльных сетках.