Амбасада ЗША віншуе з Днём Волі: змаганне за свабоду і дэмакратыю працягваецца
Амбасада ЗША ў Мінску павіншавала беларусаў з Днём Волі.
"Хоць больш за стагоддзе прайшло з моманту першага абвяшчэння дзяржаўнасці, апошнія падзеі паказваюць, што змаганне беларусаў за свабоду і дэмакратыю працягваецца. У цяперашні час тысячы беларусаў усіх узростаў публічна патрабуюць права вызначаць лёс сваёй краіны. Многія плацяць высокую цану за спробу зрабіць свой голас пачутым, так як рэжым звярнуўся да запалохвання, гвалту і ўжывання смяротнай зброі, каб утрымацца ва ўладзе", — пішуць амерыканскія дыпламаты ў сваім віншаванні.
Яны нагадваюць, што з 1991 года Кангрэс ЗША і кожная прэзідэнцкая адміністрацыя нязменна падтрымлівалі суверэнітэт Беларусі. Таксама яны згадваюць, што Злучаныя Штаты пастаянна падтрыміваюць імкненне беларусаў да дэмакратыі, захавання правоў чалавека, свабоды СМІ. На гэта быў накіраваны Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2004 года і пазнейшыя яго абнаўленні.
"Злучаныя Штаты віншуюць народ Беларусі з 25 сакавіка і з нецярпеннем чакаюць таго дня, калі беларускі народ зможа самастойна вызначаць сваю будучыню", — гаворыцца ў віншаванні.
Павіншаваў беларусаў са святам і Дзярждэп ЗША: "Сёння, калі беларусы адзначаюць Дзень Волі, мы падзяляем іх надзеі на дэмакратычную будучыню Беларусі і салідарныя з імі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.