“Амбасовішча”: гэта не кропка, а, хутчэй, шматкроп’е

Апошні фестываль "Амбасовішча" прайшоў у аўторак вечарам на тэрыторыі рэзідэнцыі амбасадара ЗША ў Беларусі. Чым стаўся гэты фестываль для беларускіх музыкаў, як паўплываў на айчынную музыку і культурніцкае грамадства, Еўрарадыё даведалася ў музыкаў і музычных крытыкаў. Што тычыцца таго, што лічба “6” стала нешчаслівай для “Амбасовішча” і фэст перастане існаваць, то супрацоўнік амбасады Алесь Круглякоў параіў не спяшацца з выновамі. Маўляў, тое, што гэта апошняя імпрэза на тэрыторыі рэзідэнцыі амерыканскага амбасадара ў Раўбічах, дакладна — гэты будунак амбасада больш арэндаваць не будзе. А вось што сёмага фэста не будзе — не факт. 

Алесь Круглякоў: “Яно апошняе тут — у Раўбічах. Але паколькі мы казалі “Раўбічы” і мелі на ўвазе “Амбасовішча”, то гэтыя два паняцці сталі непадзельнымі. Але пабачым, заўсёды застаюцца спадзяванні, што ёсць нейкае выйсце. Калі не тут, то можа недзе яшчэ. Усё залежыць ад сітуацыі, ад абставінаў. Пабачым. Я б не ставіў кропку. Тут лепш будзе шматкроп’е”. 

Значнасць фэста для беларускай культуры і музыкі Алесь ацэньваць не ўзяўся. Але, па яго словах, ён меў вялікае значэнне для амерыканскіх супрацоўнікаў амбасады.

Алесь Круглякоў: “Праект пачаўся з любові да беларускай культуры – спадар Джорж Кроўл выдатна размаўляў па-беларуску, цікавіўся беларускай культурай і менавіта з яго пачаўся гэты фэст. У амбасадзе пастаянна змяняюцца кіраўнікі, амерыканскія супрацоўнікі і ўсе, хто прыязжае на іх месца з задавальненнем падхопліваюць гэтую ініцыятыву. Бо гэта – акно ў беларускую культуру, беларускую музыку”. 

А музычны журналіст Зміцер Падбярэзскі самым галоўным унёскам “Амбасовішча” ў беларускую культуру назваў тое, што музыкі, журналісты, літаратары, мастакі, грамадскія дзеячы, палітыкі ды іншыя цікавыя людзі маглі ва ўмовах дэмакратыі сустракацца, слушаць адзін аднога і быць пачутым. 

Зміцер Падбярэзскі: “Тут раз на год была магчымасць практычна ўсім беларускім музыкам сустрэцца, прывітацца, абняцца, выпіць піва і паслухаць адзін аднаго. Вось у гэтым велізарнейшы плюс гэтага мерапрыемства. Бо па-сутнасці больш такога ў Беларусі проста не існуе”. 

Калегу крыху выправіў Алег Клімаў: “Ладна, музыканты выступалі! Тут жа збіраліся людзі, якія, калі так узнёсла казаць, уяўляюць сабой лепшыя інтэлегенцкія сілы нашай краіны. Гэты фестываль чакалі. Гэта такі сацыяльна-культуралагічны праект, у яго гэта фестываль ператварыўся. Гэта вельмі класна і ўсе задаволеныя гэтым былі”. 

А самым галоўным унёскам фестываля ў культурніцкае жыццё краіны Клімаў лічыць тое, што толькі тут людзі сапраўды мелі магчымасць адчуць дух свабоды. 

Алег Клімаў: “Такая вялікая дэмакратычная краіна як Амерыка прадаставіла гэты куток беларускім музыкантам, беларускаму істэблішменту, беларускім людзям, дзе б яны маглі дыхаць вельмі вольна. Як гэта ні дзіўна, можа – сумна, але – выдатна!” 

І выпіўшы халоднага піва калегі выказалі спадзяванне, што гэта сапраўды будзе не апошні фэст. Што тычыцца карысці “Амбасовішча”, то Вітаўт Мартыненка заўважыў практычную карысць ад мерапрыемства.

Вітаўт Мартыненка: “Былі пэўныя выданні, хай сабе і на “самарэзах”, па выніках фэстаў. Вышла DVD з выступам лаўрэатаў. І напрыклад гурт “План” на сваім альбоме паставіў фрагмент свайго выступу на “Амбасовішчы”. І гэты відэа-файл у дадатку да альбома глядзіцца прэстыжна!” 

 Пагадзіўшыся з папярэднімі суразмоўцамі Еўрарадыё ў тым, што культурніцкае жыццё шмат страціць са знікненнем “Амбасовішча”, журналіст Анатоль Мяльгуй выказаў абнадзейваючуюіныармаванасць і заявіў, што фэст дакладна не знікне.

Анатоль Мяльгуй: “Гэта не апошні фестываль. Мы маем надзею і нейкую інфармаванасць пра тое, што гэты фестываль проста будзе праходзіць на іншай пляцоўцы. Не можа такі фестываль знікнуць на нуль”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі